Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÕХваляцца з кірмашу едучы. Няма падстаў хваліцца, пакуль не зроблена што-н., не даведзена да канца. Сін.: Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш; Не хваліся, ідучы на раць. [Андрэй:] Не бойся, тата, яна тады яшчэ мацней мяне пакахае. [Паніч:] Пакахае! А калі я перашкоджу? [Андрэй:] Не палохайце. Я ведаю Надзею, Надзея ведае мяне. Перашкодзіць нам ніхто не здолее, адно хіба смерць. [Паніч:] Добра. Пабачыш. Занадта не бярыся. Хваляцца з кірмашу едучы (В. Гарбацэвіч. Чырвоныя кветкі Беларусі). – Янкоўскі, с. 236: Хваляцца з кірмашу едучы. Хвароба калі не ўморыць, то (дык) скрывіць. Два гады, верце, людцы добрыя, ці не, ляжала ў бальніцы. Бога маліла, каб забраў. Схуднела, ледзь ногі перастаўляла: хвароба калі не ўморыць, то скрывіць (В. Шырко. Сцяжына да людзей). Мне і ад трыццаці васьмі градусаў кепска. Тыдзень трымаецца, ніякімі антыбіётыкамі не збіць. А тут пад сорак. Давядзецца паваляцца. Хвароба калі не ўморыць, то скрывіць (Маладосць. 1998. № 8). – Насовіч, с. 171: Хвароба калі не ўморыць, дык скрывіць. Хвароба – мігрэнь: жраць (есці) ахвота, а працаваць лень. Праст. Ужываецца як адмоўная рэакцыя на словы х в а р э ц ь, х в а р о б а ў папярэднім выказванні, калі гавораць пра лянівага чалавека і не вераць, што ён хварэе. [Здаравеня:] Чатырыста пяцьдзесят шэсць [рублёў]. [Бандарчык:] У каго ж гэта так мала? [Здаравеня:] У Тадоры Белакапыцкай. Хварэе ўсё. [Бандарчык:] Хвароба – мігрэнь, жраць ахвота, а працаваць лень. [Здаравеня:] Ты, Бандарчык, мог бы добрым доктарам быць. Вельмі ж правільны дыягназ ставіш (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі). Іван адправіўся ў нейкі незапланаваны рэйс (калі полем буракі, у яго заўсёды рэйсы), а Люся нечакана «захварэла». Да панядзелка яна, вядома, ачуняе, а ў суботу і нядзелю паляжыць у пасцелі. – У Івана і Люсі мігрэнь, – жартуе Марына, – есці ахвота, а працаваць лень (В. Шырко. Вунь чурылавец пайшоў). – Ліцвінка, с. 137: У яго мігрэнь: есці ахвота, а працаваць лень. Хвароба нікога не красіць. – Уй, глядзіце! Падняўся! – усхліпнула Тамара, выглянуўшы ў акно. – Сам! Старшыня... – Нарэшце! – радуецца і Юліна маці. – А схуднеў, бедны. Хвароба не красіць. – Цэлы месяц качаўся ў пасцелі, – не дзіва (А. Макаёнак. Не пакінеш мяне). Я хачу, каб ты запомніў мяне прыгожай. Не такой, як зараз. Я страшная зрабілася. Худая, як трэска. Хвароба нікога не красіць... (Л. Левановіч. Бесядзь цячэ ў акіян
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 696  ▶