Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Óлюбіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам. – Ведаем мы гэтых пустэльнікаў, – зноў падміргнуў Дубейка. – У ціхай вадзе чэрці водзяцца (Я. Колас. На ростанях). – Прыказкі, кн. 2, с. 325: У ціхім віру (балоце) чэрці водзяцца; У ціхім балоце чэрці растуць. У чорта спіна сцёрта. Праст. Ужываецца з незадавальненнем як рэакцыя на слова «чорт» у папярэднім выказванні суразмоўніка. [Мальвіна:] Каб цябе людзі не зналі! Каб цябе чорт схапіў! [Несцерка:] У чорта спіна сцёрта, на ім не паедзеш, а за мяне, цётка, не бойся, мяне чорт не возьме, хутчэй цябе, бо вельмі ж ты да яго падобна! (В. Вольскі. Несцерка). У чужой старонцы не так свеціць і сонца. У чужой мясцовасці ўсё здаецца нязвыклым, чужым. Так хочацца басанож прайсціся па расе, схадзіць у грыбы, пакупацца ў нашай рачулцы, пачуць родную мову, нашыя песні... Праўду ты казала: «У чужой старонцы не так свеціць і сонца...» Як збяру я болей грошай, каб купіць зямлі, прыеду дамоў (Л. Левановіч. Павел і Хуаніта). * І няхай паўсюдна ёсць вада, растуць дрэвы, аднакава на ўсе чатыры бакі зямля, але яго дрэва, яго зямля, яго вада адметная, чужое ўсюды чужое, на чужыне і сонца ўсходзіць інакш, і не так грэе, і не свеціць. Махахей жадае памерці на роднай зямлі... (В. Казько. Неруш). – Прыказкі, кн. 1, с. 291: У чужой старонцы не так свеціць і сонца. У чужой царкве свечак не папраўляй. У чужым месцы нельга парушаць прынятыя тут правілы, звычаі, парадак і пад. Гаворыцца з незадавальненнем, як папрок. Піць, дык усім разам, адказваць – таксама. Не так закон, як імкненне да роўнасці і справядлівасці. Але Толя Белы не паслухаўся і пацягнуўся да бутэлькі. – Пастаў, – загадаў яму Лазар. – У чужой царкве свечак не папраўляй (В. Казько. Выратуй і памілуй нас, чорны бусел). – Насовіч, с. 21: У чужой царкве не папраўляй свячэй; Прыказкі, кн. 1, с. 331: У чужой цэркві (чужым касцёле) свечак не папраўляй. У чужым воку саломку (саломінку) бачым, а ў сваім і бервяна не заўважаем. Функц. не зам. У іншых бачым нават дробныя недахопы, а ў сябе не заўважаем і вялікіх. – У Ватыкане таксама не ўсё ідзе добра з іх «місіянерамі»... – У чужым воку саломку бачаць, а ў сваім бервяна не заўважаюць, – уздыхнуў айцец Роберт (І. Гурскі. Чужы хлеб). «Ага! – злавіў сябе на думцы Віктар. – Самому можна, а другім – не? У чужым воку саломінку ўбачыў, а ў сваім і бервяна не заўважаеш?» (А. Кобец-Філімонава. Агні за
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶