Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Óстаяць перад нашым грамадствам, магчыма, прыйдзем па некаторых з іх да агульнай думкі, і гэта ўжо будзе поспех. Папрацуем, адным словам. У спрэчках нараджаецца ісціна... (В. Якавенка. Памяну і свечку пастаўлю). – Відаць, склалася на аснове афарызма з лацінскай мовы: Nimium altercando veritas amittitus (літаральна «У празмерных спрэчках страчваецца ісціна»). У старой бабы і на печы ўхабы. Старому, слабаму чалавеку ўсё баліць, усюды кепска. Цётка ішла, цяжка соўгаючы хворымі нагамі, нейкая прыгороленая, прыцішаная, непадобная сама на сябе. – Куды вы?.. Мне сказалі, вам нядужыцца, ногі баляць. – У старой бабы і на печы ўхабы... (А. Тулупава. Рэха ў калысцы). – Насовіч, с. 156: Старой бабе і на печы ўхабы; Прыказкі, кн. 2, с. 227: Старой бабе і на печы ўхабы. У страху вочы вялікія. Спалохаўшыся, чалавек перабольшвае небяспеку ці бачыць яе там, дзе яе няма. – У страху вочы вялікія, – здзекліва пакпіў Хяндога ў часе чарговага вобыску (М. Аўрамчык. Палон). Вось нехта ідзе... Здаецца, якраз як іхні бухгалтар... Не, проста ў страху вочы вялікія... (У. Дамашэвіч. Ад шчасця таксама плачуць). – Ат, лухта! – не паверыў Кандрат. – У страху вочы вялікія. Не бывае вадзяных, выдумка ўсё гэта (В. Праскураў. Над Шчарай-ракой). З перапалоху я рваў ад хаты. Бег не чуючы пад сабой ног, нездарма кажуць – у страху вочы вялікія (В. Супрунчук. Наўпрост). – Насовіч, с. 168: У страху вочы па яблыку; Ляцкі, с. 51: У страху вялізныя вочы; Прыказкі, кн.2, с. 295: У страху вялікія вочы. Усюды добра, а дома лепей. Пра замілаванне да роднага кута. * Усюды добра, дома – лепей, дзе гуляў дзяцінай, дзе ніхто цябе не чэпе так, без дай прычыны (Я. Купала. Чатыры крыжы). – Прыказкі, кн. 1, с. 288: Усюды добра, а дома лепей; Усюды добра, а дома лепш за ўсё. Усяго было даволі, толькі прынукі не было. Гл. Было што піць і есці, але прынукі не было. Усякая будзе гаспадыня, калі мукі поўная скрыня. Гл. Як мукі скрыня, дык і свіння гаспадыня. Усякая птушка сваё гняздо бароніць. Кожны чалавек бароніць сваю радзіму. – Але хіба гэта выйсце – дэзерціраваць з фронту? Я, напрыклад, не маю намеру гэта рабіць. Усякая птушка сваё гняздо бароніць (І. Гурскі. Вецер веку). – Рапановіч, с. 94: Усякая птушка сваё гняздо бароніць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

прыгорбленая
4 👁
 ◀  / 696  ▶