Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Óў маці, а ў краўца, што спаў у хаце», – прыгадалася прыказка (М. Лужанін. Дзівадла). – Насовіч, с. 111: Ні ў радню, ні ў айца, а ў прахожага малайца; Ляцкі, с. 50: Урадзіўся ні ў маць, ні ў айца, а ў прахожага малайца (дабаўляюць часам жартоўна: чы салдаты йшлі, чы на торзе былі). У разумнага вочы і на патыліцы сядзяць. У разумнага чалавека шырокае ўспрыманне навакольнага свету. Ці ж разумнаму Дзіда-дзеду адгукнуцца на яе брахню? У разумнага вочы і на патыліцы сядзяць. Ён ведае ўчарашні дзень, ён без акуляраў бачыць і заўтрашні (З. Бядуля. Сярэбраная табакерка). – Рапановіч, с. 182: У разумнага вочы на патыліцы. Уродзіцца цяля з лысінкаю, то і з лысінкаю здохне. Гл. Як (калі) удасца жарабё (бычок) з лысінкай, дык і здохне такім. У родным (сваім) краю (-і), як у раю (-і). Пра замілаванне да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хто-н. Сін.: Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка; Дзе воўк радзіўся, там і куст яму міл; Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся; Для ўсякай птушачкі сваё гняздо мілае; Міл куток, дзе абрэзалі пупок; Мой родны кут, як ты мне мілы; Няма лепшае справы ад свае хаты; Родная зямелька як зморанаму пасцелька. Гамоняць дзве чарнобыльскія бабы... – У родным краю, як у раю. А на чужыне і сонца не свеціць. – А мая мама калісьці мяне вучыла, што вазьмі абразок і перавярні яго, і каб ён гэтак тры дні павісеў. Дзе б ты ні была, абавязкова дадому вернешся (С. Алексіевіч. Чарнобыльская малітва). [І ў родных мясцінах] ён бы [Кунцэвіч] не згубіўся. Не гэтак бы хутка аказаўся на грэбні – але ўзышоў бы на яго, не сарваўся б. Нездарма ж кажуць – у родным краі, як у раі (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока). – Вырашыў наведацца, як вы тут маецеся. Што чуваць? – У сваім краю, як у раю. Але вам тут нельга! Тут немцы, сёння нават камендант прыехаў (У. Караткевіч. Млын на Сініх Вірах). Усе расселіся. Ігнат разліў гарэлку ў чаркі. Выпілі. Закусілі. Павесялелі. – У сваім краю, як у раю, – заўважыў Бондар. – Праўду кажаш, Бондар, – падтрымаў Клянчук (І. Сычык. Бацькаўшчына). – Прыказкі, кн. 1, с. 287: У родным (сваім) краю, як у раю. У сваёй хаце і качарга маці. У сваёй хаце адчуваеш сябе смела, спакойна, надзейна. Сін.: У сваёй хаце і вуглы памагаюць. – Дам тваёй сям'і месца ў флігелі. Хоць сёння займай большую палову. – У сваёй хаце і качарга – маці, – не надта ўзрадаваўшыся, сказаў Гаранок... (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Маладыя навасёлы не маглі нарадавацца свайму новаму становішчу. У абаіх
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

сямі
15 👁
 ◀  / 696  ▶