Óна. І мы ў сваім Савеце найперш вывучаем досвед сваіх суседзяў (Беларуская думка. 2006. № 12). – Федароўскі, с. 64: У лесе людзі дзічаюць, а ў людзях людняюць. У лістападзе досвітак з прыцемкам сярод дня сустракаюцца. Пра кароткі дзень у лістападзе. А ўжо ў лістападзе вецер і дождж абтрасаюць, распранаюць усе нашы дрэвы – на іх, зусім голых, нават рэдкаму цяпер промню няма за што зачапіцца. Дождж змагаецца са снегам, цяпло – з холадам. Світае позна, цямнее рана. Як мы кажам: «У лістападзе досвітак з прыцемкам сярод дня сустракаюцца» (Я. Сіпакоў. Зялёны лісток на планеце Зямля). У любым жарце ёсць доля праўды. Гл. У кожным (любым) жарце ёсць доля праўды. У людзей пытай і свой розум май. Гл. Людзей (другіх) слухай, а свой розум май. У Мазыры елі царскія сыры. Устар. Гаворыцца пра тых, хто, пазбаўлены свабоды, сядзеў у Мазырскай турме. – Можа, і цябе дзесь бачыў... – А дзе было гэта «дзесь»? – запытаўся Цімох. Саўка хітра зірнуў на Будзіка. – Калі не памыляюся, дык у Мазыры елі царскія сыры (Я. Колас. Дрыгва). У маны кароткія ногі. Гл. У хлусні (маны) кароткія ногі. У музыкі хлеб невялікі, а спявaкі маюць ніякі. Пра невялікія заробкі музыкантаў і спевакоў. Сін.: З музыкі хлеб невялікі. Назаўтра «артысткі» расхварэліся і занемаглі ад перажытага хвалявання. «У музыкі хлеб невялікі, а спявакі маюць ніякі», – адгаворваліся яны і кляліся, што больш ніколі не будуць спяваць (П. Місько. Градабой). – Прыказкі, кн. 1, с. 163: З музыкі хлеб невялікі; У стральца і музыкі хлеб невялікі. У нагах праўды няма. Кажуць пры запрашэнні сесці. Сін.: За пастой грошы не плацяць. То сядайце, добры чалавек, у нагах, як казалі некалі, праўды няма... (М. Лынькоў. Векапомныя дні). – Вы сядайце, – запрасіў нарэшце Іван. – У нагах праўды няма (І. Шамякін. Вазьму твой боль). – Сядай, дружа, – пачулася з кутка. – У нагах праўды няма (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). – Садзіся – у нагах, кажуць, праўды няма. – Гура паказаў галавою на крэсла з вялікаю, выціснутаю на фанеры кветкаю (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). «Сядайце з намі, у нагах праўды няма», – весела гаворыць Юліус (С. Законнікаў. Вячэра пад райскім дрэвам
7 👁