Óца... – Скупасць – не дурасць. Разумны чалавек. – Але, у каго грошы, у таго і розум. Мяне ён лічыць дурнем (І. Гурскі. Вецер веку). – Федароўскі, с. 118: У каго грошы – у таго розум. У каго дабро вядзецца, у таго і певень нясецца. Багатаму, гаспадарліваму чалавеку шанцуе ў жыцці. Сін.: Багатаму і чорт у кашу дбае; Багатаму чорт дзяцей калыша. – Хіба ў яго каровы, свіней няма? Ёсць! – Як жа без гэтага?.. – Праўда, той не гаспадар, у каго вецер у павеці гуляе, – пагадзілася бабуля. – А ў каго дабро вядзецца, у таго і певень нясецца! (Н. Маеўская. Надзеевіч). Каму вядзецца, таму і певень нясецца. – Багацце – яно такое, скажу вам, што аднаго любіць, а другога – не, каму шанцуе, а каму – не надта... – так заўсёды было, – пацвердзіла Фёкла. – Каму вядзецца, таму і певень нясецца (У. Гніламёдаў. Валошкі на мяжы). – Федароўскі, с. 328: У каго дабро вядзецца, у таго і певень нясецца. У каго кашаль, той і красен і ў роце не суха, і ў хаце не глуха. Гаворыцца жартаўліва пра таго, хто кашляе. – Мне кашаль не дае спакою. – У каго кашаль, той і красен, – засмяяўся Алесь, – і ў роце не суха, і ў хаце не глуха! (А. Чарнышэвіч. Світанне). – Раманаў, с. 311: У каго кашаль, той і красен. У каго сем – тым і доля ўсем, а ў каго адно – і тое не ладно. Кажуць пра адзінае ў сям'і дзіця, якое, на жаль, не мае шчаслівай долі. – Падумай, дачка, даўно час падумаць, хто ты: дзеўка, баба ці ўдавіца?.. – Бацька кашляў доўга. Яна легла, а ён ўсё кашляў і чакаў адказу. – Праўду кажуць: у каго сем – тым і доля ўсем, а ў каго адно – і тое не ладно (У. Паўлаў. Спелыя травы). – Прыказкі, кн. 2, с. 91: У каго дочак сем – ёсць доля ўсем, а ў каго адна – долі жадна; Дзе сем, там і доля ўсем, а дзе адна, так і той долі няма. У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца. Гл. Конь на чатырох нагах і то спатыкаецца. У каровы малако на языку. Гл. Малако ў каровы на языку. У карцішкі няма брацішкі. Пры гульні ў карты кожны імкнецца абгуляць усіх іншых, не шкадуючы нікога. Селі іграць у карты. Чыноўніка падпаілі. Як пайшоў ён іграць! Якая-то была ігра: як хто хацеў, так і махляваў. Назаўтра чыноўнік пазычыў у свайго знаёмага на дарогу грошай і паехаў. Эх, каб яшчэ бог прывёў хоць са тры такіх чыноўнікаў! Ну, што ж! «У карцішкі няма брацішкі» (Я. Колас. З днеўніка пана Жылака). – Федароўскі, с. 138: У карцішак няма брацішак
Дадатковыя словы
сямі
7 👁