Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Óцяна перапыніла мужа: – Авой, дзетка маё, у голад намруцца, а ў вайну налгуцца... Наш Міхась яшчэ ў пачатку сорак другога прыйшоў. Якраз перад Грамніцамі (А. Асіпенка. Жыта). У мор намруцца, а ў вайну налгуцца. Не слухайма благіх языкоў, што рассяваюць такія ці сякія плёткі, бо, як кажуць, у мор намруцца, а ў вайну налгуцца. Не спыняйма працы дома і за домам, якая ішла да вайны і якая павінна далей ісці (Я. Купала. Хай рунь красуе...). * А ў нас к-казалі, што расстралялі цяб-бе. Вось, сап-праўды, што ў голад п-пап-паўміраюць, а ў вайну п-пап-панабрэшуцца (У. Карпаў. Нямігі крывавыя берагі). – Прыказкі, кн. 1, с. 501: У голад намруцца, а ў вайну налгуцца; У вайну налгуцца, а ў моры намруцца. У грыбы хадзіць і то лепш са шчасцем. Кажуць пра таго, каму шанцуе ў жыцці. Расціце, мілыя, як жыта, і красуйцеся, як жыта. Няхай колас вашага жыцця наліваецца шчасцем. У грыбы хадзіць і то лепш са шчасцем (З. Бядуля. Сярэбраная табакерка). – Насовіч, с. 159: З шчасцем і ў грыбы харашо хадзіць; Прыказкі, кн. 2, с. 424: Са шчасцем добра і ў грыбы пайсці. Удава – шалёная галава. Гаворыцца пра ўдаву, калі яна робіць непрадуманыя ўчынкі. Ох, недарэмна гаворыцца: удава – шалёная галава. Усё ў яе выйшла навыварат, не па-людску. Трэба было не парабка наймаць, добрых людзей смяшыць, а свайго, старэйшага пакінуць гаспадаром, а меншы ўжо хай бы вучыўся (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). – Прыказкі, кн. 2, с. 105: Удава – бедная галава. Удаве бяды дзве. Пра гаротную, бездапаможную долю ўдавы. Сін.: Удовіна і сякера не сячэ, і кабылка не вязе. [Нічыпар:] Шкадавала... на сваю галаву. У мяне вунь таксама адна, але я не даваў ёй сваволіць. Затое цяпер перад людзьмі не сорам. [Аўдоцця:] На тое ж ты і бацька. А я што, – удава. А ўдаве, як кажуць, бяды дзве. Не слухае ён мяне (А. Макаёнак. Выйгрыш). Удалося забіць бабе лося. Кажуць насмешліва таму ці пра таго, хто хваліцца чым-н. нязначным. – Выфранцілася, як мінісцерша якая. – А і ён не такі, каб стары. – Пэўна, разводнік. – Мо і ўдавец. – Удалося забіць бабе лося (Д. Слаўковіч. Апошняя чарка). – Насовіч, с. 166: Удалося забіць бабе лося. Удзень кавярзень, увечары барышня. Гаворыцца насмешліва пра вясковую дзяўчыну, якая прыхарошваецца ўвечары, ідучы на гулянку (к а в я р з е н ь – лыкавы лапаць з закрытымі насамі). – Вядома, такі кавалер быў! – выцерла слёзы Маруся. – Ані людзям
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
4 👁
 ◀  / 696  ▶