Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Óна!», а ён табе – «Голена!» (П. Місько. Ціхае лета). [Жыгліцкая:] Чуеш, што кажа? І гэта называецца жонка, памочніца твая. Ты ёй слова – яна табе два, ты ёй «голена» – яна табе «стрыжана» (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). – Прыказкі, кн. 2, с. 302: Гавары яму – стрыжана, а ён табе – голена; Ты яму кажы, што стрыжана, а ён табе, што смалена. Тэатр пачынаецца з вешалкі. Функц. не зам. Пра значнасць чаго-н. цэлага можна меркаваць і па яго асобных, здавалася б, другарадных, дробязных частках, дэталях. Трапіў у тэатр нечакана... Стаяў ля сцяны з партрэтамі артыстаў і міжволі здзіўляўся. Нельга было не здзіўляцца. Тэатр пачынаецца з вешалкі? Не, тут ён пачынаўся з фае. З гэтых партрэтаў. З публікі. А публіка была не абы-якая... (Л. Маракоў. 1975-ы). Тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, а музей павінен пачынацца з тратуару перад будынкам (Нар. газ. 2000, 22 лістап.). – Запазычанне з рускай мовы. Мяркуюць, што аўтар гэтага выказвання – вядомы рэжысёр, акцёр і тэарэтык тэатра К. С. Станіслаўскі (1863–1938). Ó У агародзе (гародзе) бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Поўная бяссэнсіца, бязглуздзіца. Пра непаслядоўнасць выказвання, нелагічнасць маўлення. – Не магу во апомніцца!.. – Ты па парадку давай, а то спакой душэўны, галандскія сарты і акадэмік Альсмік. У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька, – перабіў Бялькевіча Карагедаў (В. Шырко. Сцяжына да людзей). Раскідалася я сёння ва ўсе бакі. «У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька». Хацела запісаць толькі, як хадзіла да Сівалобіхі, а дапісалася да Адаліны (І. Шамякін. Снежныя зімы). Вы прыводзіце нейкія спрэчкі паміж намі наконт таго, ці выходзіць на суботнік са сцягамі, ці без іх. Маўляў, я не пагадзіўся на сцягі і, вядома ж, абураны, сказаў, што ў такім разе не збіраюся прадстаўляць вам інструменты і саджанцы ды ляснуў дзвярыма, і кропка. Парадокс. У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Ніякімі інструментамі і саджанцамі я не загадваў, не помню спрэчак пра сцягі, не ляскаў дзвярыма (В. Якавенка. Дазвольце не пагадзіцца...). Для байкі вельмі і вельмі важна, каб павучальны вывад, які звычайна даецца ў канцы твора, вынікаў з самога сюжэта, з характараў, а не прывязваўся па прынцыпу: «у гародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька» (Н. Гілевіч. Майстэрства байкапісца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶