Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÒНіколі не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Зараз я збяру свае манаткі (М. Матукоўскі. Мужчына, будзь мужчынам...). – Прыказкі, кн. 1, с. 173: Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння; Не адкладвай на заўтра, што можна зрабіць сягоння. Тое, што можна зрабіць сёння, ніколі не адкладвай на заўтра. Гл. Тое, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра. Той не гаспадар, у каго вецер у павеці гуляе. Гаворыцца з асуджэннем пра нядбайнага, лянівага гаспадара. – Тут ужо ён не хлусіў; хіба ў каго каровы, свіней няма? Ёсць! – Як жа без гэтага?.. – Праўда, той не гаспадар, у каго вецер у павеці гуляе, – пагадзілася бабуля (Н. Маеўская. Надзеевіч). – Прыказкі, кн. 1, с. 188: Не гаспадар, калі вецер у павеці гуляе. Той пан добры, што на асіне вісіць. Устар. Пра стаўленне селяніна да паноў. Зноў жа, які пан дабрэйшы – буйны ці дробны, – пытанне вельмі туманнае. Памеры багацця ніколі не вызначалі панскай дабраты і адносін да селяніна. Праўду кажа старая прыказка: «Той пан добры, што на асіне вісіць» (М. Лужанін. Закрытая рэцэнзія...). Той хто топіцца, і за саломінку хопіцца. Гл. Тапелец і за саломінку хапаецца. Трапіў у вараны, крычы, як яны. Чалавек мусіць прыстасоўвацца да пэўнага асяроддзя, паводзіць сябе так, як і тыя, да каго ён трапіў. Сін.: З ваўкамі жыць – па-воўчы выць. – Ты сабе як хочаш, а мне абрыдла... Я на такое не наймаўся. – А ты на што спадзяваўся? Дудкі, трапіў у вараны, крычы, як яны (А. Асіпенка. Вогненны азімут). Убіўся ў вароны, каркай так, як оны. – А каб вас з вашым панствам. І ты ўжо, бачыш, шляхціц, пан: дровы на сыне возіш... – Ну, убіўся ў вароны – каркай так, як оны (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). Папаўся ў вароны, то крычы, як воны. Думаю, хоць бы тыя [хлопцы] дзе сабе галовы паскручвалі, пакінулі майго ў спакоі. Дзе там! Ніякая трасца іх не возьме... Кажуць жа людзі: папаўся ў вароны, то крычы, як воны. Вось і мой пад іх пяе. Бывае, прыедзе, дык аж не пазнаю. На бутэльку заглядаецца... (А. Кажадуб. Стрэчанне). * [Лене] успомнілася старая прымаўка: сярод варон жыць – варонаю каркаць. Яна так не можа. І шкадавала, што паддалася на зман, што не хапіла вытрымкі ў спрэчцы з Волькай (М. Ваданосаў. Надзеі і здзяйсненні
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶