Ò[Халімон:] Тады дзеўка схамянулася, як у жываце страпянулася (У. Сауліч. Халімон камандуе парадам). – Прыказкі, кн. 2, с. 22: Тады дзеўка схамянулася, як у пузе страпянулася. Тады маці міла, як ногі мыла. Кажуць з асуджэннем пра сына ці дачку, калі яны не паважаюць маці. «Гэта ты... на матку сваю, га? Ты-ы... гэ-так... на матку?! – у яе ўжо цямнела ў вачах, калола ў скронях і патыліцы, здушыў горла плач: – Ну, але... Нашто табе ўжо матка... Тады маці была міла, як... як ногі мыла...» (П. Місько. Ціхае лета). – Ляцкі, с. 9: Датуль матка міла, дакуль бруд мыла; Прыказкі, кн. 2, с. 83: Мамка міла, пака ножкі мыла; Тагды матка была міла, калі нашы рукі і ногі мыла. Тады сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся. Гаворыцца са шкадаваннем ці іроніяй пра што-н. непапраўна страчанае. Як я магла адмовіцца ад права называць Толіка маім? А цяпер ужо нічога не зробіш... Позна. Фатальна позна. Тады сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся (Н. Бабіна. Рыбін горад). – Рапановіч, с. 266: Тады сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся. Такая зямля добрая: пасадзі аглоблю – калёсы вырастуць. Гаворыцца з захапленнем пра вельмі ўрадлівую зямлю. * А зямля, у якой аж стагоддзі знікалі іхнія карэнні, была не самай багатай, не кубанскі чарназём і не малдоўскі гектар, дзе з аглобліны вырастаюць калёсы. На ёй спрадвеку былі балоты (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока). А пад Княжборам зямля добрая, аглоблю пасадзі – і тая парасткі пусціць, буяе ўсё (В. Казько. Неруш). Тут на абодва бакі дарогі – найлепшая куранёўская зямля, куранёўскі чарназём, на якім уваткні сухую палку – вырасце дрэва! Масла, а не зямля! (І. Мележ. Подых навальніцы). Зямля не надта што: дзе лясок, дзе мыслец, а дзе й сам не разбярэш, што яно такое. Не тое, што вунь у Кармалёх, што каб дзіця пасадзіў на раллі, як кажуць, то й яно б расло (К. Крапіва. На пасёлкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 51: Такая зямля добрая: пасадзі аглоблю – калёсы вырастуць. Так дык так, не так, дык памяняўшы. Можа, гэтак і будзе. Гаворыцца як частковая згода з суразмоўнікам. – Адрас [фатографы] запісалі, сказалі, з горада [карткі] прышлюць... – Прышлюць... адзін такі маліўся, дык быў паваліўся... – А чаму вы ведаеце, дзед? Мо і прышлюць. Бутэльку дала, не што-небудзь. – Бу
9 👁