ÑСябры пазнаюцца ў бядзе. Функц. не зам. Сін.: Дружба пазнаецца ў няшчасці. – Ты мне сябра, мой дарагі сябра, але навошта гэтыя грошы? Навошта? – Калі я табе сябра і ты мне сябра – ты павінен узяць. Не спрачайся. Сябры пазнаюцца ў бядзе. А ў цябе бяда. Я павінен табе памагчы. Бяры (У. Дамашэвіч. Фінская лазня...). Народная мудрасць кажа: сябры пазнаюцца ў бядзе. Калі летам мінулага года я апынуўся ў бальніцы, – адным з першых мяне праведаў Генадзь Карпенка (Н. Гілевіч. Дзяржаўны муж, якога любіў народ). – Прыказкі, кн. 1, с. 381: У бядзе друга пазнаюць; Прыяцеля пазнаеш у няшчасці. Сядзем радком, пагаворым ладком. Сяброўскае запрашэнне сесці і пагаварыць сардэчна, па душы. – Дзядзька Лявон! Ну, а як твая нага, не баліць?.. – Нічога, жыць можна. Хоць і крывая, як дуга, але ж свая... – А можа, па чарачцы зробім? Сядзем радком, пагаворым ладком. Га, дзядзька Лявон? (Я. Галубовіч. Лявон Макейчык). Сядзі ў будзе ды чакай, што будзе. Кажуць з неадабрэннем пра таго, хто пасіўнічае, чакаючы невядома чаго. А во – надзьмуўся! Я – пра тое, што брат не раіць табе ўцякаць. Што ж ён думае – з мамінай печы, з-пад жончынай коўдры – нам тут з табою, як кажуць, сядзі ў будзе ды чакай, што будзе? А дудкі! Насядзеліся... (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). – Санько, с. 118: Сядзі ў будзе і чакай, што будзе. Сядзі ціха, калі не хочаш мець ліха. Гаворыцца як парада не высоўвацца, не праяўляць залішняй актыўнасці ў жыццёвых абставінах. * І нашто, думалася мне, панесла Сакольскага з юрыстаў у войска? Жыў бы ў сваім маёнтку, не маючы абавязку ваяваць. Сядзеў бы ціха, як казала мая бабуля, не зведаў бы ліха (К. Тарасаў. Аўдытарская праверка ў Нясвіжы). – Ляцкі, с. 43: Сядзі ціха, калі не хочаш мець ліха. Сякі-такі (хоць які) целяпей, усё ж такі ўдваіх ляпей. Пра перавагу замужняга жыцця над жыццём адзінокай жанчыны. Сін.: Які б ні быў Панцялей, а жыць весялей. У той момант адзіноты яна [Марыя] гатова была паступіць па прыказцы: «Сякі-такі целяпей, усё ж такі ўдваіх ляпей». А жыць давялося не ўдваіх, а чацвярым (У. Калеснік. Янка Брыль). – Федароўскі, с. 57: Сякі-такі целяпей, а ўсё будзе ляпей; Прыказкі, кн. 2, с. 61: Сякі-такі целяпей, такі ўсё ўдваіх ляпей; Хоць які целяпей, але ўдваіх ляпей
9 👁