Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ñ– Прыказкі, кн. 1, с. 426: Сыты галоднаму не спагадае; Сыты голаду не разумее; Сыты галоднага не знае. Сышліся да кучы лапці ды анучы. Кажуць іранічна пра групу асоб, якія аб'ядналіся на аснове нікчэмных імкненняў. – Прося там ужо, баранэса гарбатая, умее дагадзіць... Толькі ж ты, ды яшчэ напарнік твой, Ціток, ёй раўня, ды яшчэ Валька Чумышыха. Сышліся да кучы лапці й анучы, зліпліся! Вы ж там, у вартоўкі, нябось, і гарэлку п'яце, і курыце... І яны з вамі нараўне (А. Масарэнка. Рэўнасць). Сэрца не камень. Гаворыцца, калі хто-н. ідзе на ўступкі, адклікаецца на чые-н. просьбы, пачуцці. [Максіменя:] Вось прывалаку торбу язёў, дык будзеце каяцца. А вам на тую злосць і панюхаць не дам... [Гудовіч:] Адпусціцеся, сэрца не камень (К. Крапіва. З народам). Сын падаў бацьку руку, сэрца не камень – стары працягнуў сваю (І. Гурскі. Жалейкава града). Вось тут я зразумеў народную мудрасць, якая сцвярджае, што сэрца не камень. І яно ёкнула. Ну што, падумаў я, калі з'езджу яшчэ раз на адзін з курортаў... (У. Корбан. Цеплаход ідзе на Поўнач). Сэрца, як кажуць, – не камень, насуперак пачуццю я пагадзіўся (В. Быкаў. Доўгая дарога дадому). – Федароўскі, с. 274: Сэрца не камень; Прыказкі, кн. 2, с. 255: Сэрца не камень. Набыўшы канструктыўна абмежаванае значэнне (сэрца не камень у каго, чыё), прыказка ператвараецца ў аманімічны з ёю фразеалагізм з сэнсавым зместам 'хто-н. перастае супраціўляцца, уступае чыёй-н. просьбе': «Лепш ідзі к бацькам сваім: сэрца бацькава не камень, бацькаў хлеб смачней віна» (Я. Колас). Сэрцу не загадаеш. Не прымусіш сябе кахаць ці не кахаць каго-н. Сэрцу ж не загадаеш. Так і выйшла [Анісся] замуж за Сяргея Круцяля, які быў кааператыўшчыкам у суседнім сяле (М. Лынькоў. Насустрач жыццю). Ачарсцвелі мы за вайну... А толькі вы для мяне кім былі, тым і засталіся... Сэрцу не загадаеш... (І. Гурскі. На гуце). – Мо я кепскі ўнук, але ў сэрцы ў мяне нічога не скранулася, калі вы мне сказалі пра дзеда... – Што ж, сэрцу не загадаеш, – азваўся ён [капітан] нарэшце... (А. Крыга. Порт прызначэння). – Страляй, – сказала Аксана, засланіўшы сабою Акімава. – Сам ведаеш: сэрцу не загадаеш. А мне без яго не жыць, вось і ўся гаворка (М. Герчык. Вяртанне да сябе). – Сэрцу не загадаеш, Міхась, – з сумам і болем сказала Іра. – І не трэба мардаваць сябе. Мо мне і горай за ўсё, што ты мардуеш сябе... (В. Блакіт. Вяселле ў Беражках). – Прыказкі, кн. 2, с. 7: Сэрцу не загадаеш, каго любіць; Сэрцу не падкажаш
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абядналіся, зезджу, пяце
10 👁
 ◀  / 696  ▶