Старога вераб'я на мякіне не зловіш (не падманеш, не правядзеш). Вопытнага, бывалага чалавека не перахітрыш, не падманеш. А можа, Казлоўскі сам гэты партрэт перавярнуў. Старога вераб'я на мякіне не зловіш (Л. Прокша. Камедыянты). – У вас багаты вопыт... – Вельмі вам удзячны, – намотваў на вус Езавітаў. Ён падумаў: «Ну і жук! Але старога вераб'я на мякіне не падманеш» (І. Гурскі. Чужы хлеб). Відаць, ён проста хітруе, бо вопыт сапраўды ёсць – гэтага ў яго не адымеш: ведае, дзе і як сваю палітыку гнуць. Маўляў, старога вераб'я на мякіне не правядзеш (В. Ткачоў. Каласы на круглай зямлі).
* Ён [Лейба] слухаў, што гаворыць старшыня выканкама, рабіў выгляд, што верыць і спачувае, аднак не верыў. Яго, старога стрэлянага вераб'я, хочуць злавіць на мякіне! Дарэмная справа! (А. Чарнышэвіч. Світанне). [Пятро Пятровіч:] Старога вераб'я думаеце на мякіне правесці? Не выйдзе! Носам чую!.. (А. Махнач. Лазня без веніка). Захацелі старога вераб'я на мякіне правесці... Калі на тое пайшло, дык я ўжо, дзякуй богу, трэці год як экспанаты свае цэлымі зборамі ў адну навуковую салідную фірму здаю (У. Ягоўдзік. Пугачова песня). Стрэлянага вераб'я на мякіне не правядзеш: я цудоўна ведаў, што гэтае мноства «форм работы» іншы раз было толькі на паперы (А. Куліцкі. Адвучылі бацькоў ад дзяцей?).
– Насовіч, с. 155: Старога вераб'я на мякіну не падманеш; Ляцкі, с. 42: Старога вераб'я не падманеш; Прыказкі, кн. 2, с. 226: Старога вераб'я на мякіне не зловіш (не ашукаеш, не правядзеш).
Старога хвалі, ды з двара гані. Пра адносіны да старога, хілага чалавека ў параўнанні з маладым, здаровым. – Столькі людзей у нас і маладых, і заслужаных, а вы – старую бабу [намалявалі]. – А чаму вы думаеце, што яна не заслужаная? – Ат, старога хвалі, ды з двара гані (М. Гроднеў. Права адплаты).
– Прыказкі, кн. 1, с. 461: Старога хвалі, ды з двара валі, а маладога гудзі, ды ў двары блюдзі.
Старое што (як) малое. Гаворыцца паблажліва пры ацэнцы якіх-н. дзеянняў, паводзін, выказванняў старога чалавека. [Міхась:] Я ледзь канцы не аддаў, а ім смешна!.. Ну, добра, яны неразумныя, а вам чаго гэтак весела?! Стары чалавек! Разумець павінны... [Дзед Ян:] Старое – што малое, сынок... (Ю. Кулік. Ноч на Івана Купалу). Кажуць, старыя – як малыя. Гэта сапраўды так, калі меркаваць па героях «Вечара» [А. Дударава]. Але тым уражваюць іх пакуты – быццам дзеці пакутуюць (Настаўн. газ. 2001, 18 снеж.). «Старое – як малое». Пра здзяцінеласць. Аднак не крыўдна, няхай
59 👁