Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ñхатах, па падсуседзях хаджу... – А чаму ж думаеш, што я цябе ў кватаранты вазьму? – Няўжо мне жыўём у пятлю лезці? – Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Аставайся (В. Адамчык. Голас крыві брата твайго). Занесеная снегам дарога сопкая. Па такой дарозе некалі адвезлі маю маці да бабулі-шаптухі, якая і прыняла ў яе роды. Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Я нарадзіўся слабы, як цень на вадзе. Маці слязьмі лілася, маліла госпада Бога, каб я выжыў (С. Лобач. Горкую лілею пакашу...). * – Бачу святло ў тваіх вокнах. Чыркнула запалкай – на ходзіках поўнач. Ведаю, што маці ў Еўлічы пайшла да Зміцера, а ты адна. Ёкнула сэрца, прыляцела, аж во... – Я й сама не згадала, калі і што ... – Радзіны не глядзяць гадзіны, – памяркоўна разважыла Надзя і паклала побач з Параскай сына (У. Ліпскі. З палаты «мінёраў»). – Прыказкі, кн. 2, с. 108: Смерць і радзіны не глядзяць аніякай гадзіны; Смерць і радзіны не ждуць добрай гадзіны. Смерць не ручаінка – не пераскочыш. Пра немагчымасць пераадолець смерць. Сін.: Ад смерці доктара няма; Ад смерці не адкупішся; Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць (у 1 знач.); Круці не круці, а трэба памерці; Смерць нікому ў зубы не глядзіць; Смерць у бутэльку не заткнеш. Дзіда-дзед правільна меркаваў: трэба быць адважным. Смерць не ручаінка – не пераскочыш. Але гэты закон пісаны толькі для баязліўцаў. Адважнаму і неба невысока, і мора неглыбока (З. Бядуля. Сярэбраная табакерка). – Прыказкі, кн. 2, с. 412: Смерць не ручаінка – не пераскочыш. Смерць нікому ў зубы не глядзіць. Пра непазбежнасць і няўмольнасць смерці. Сін.: Ад смерці доктара няма; Ад смерці не адкупішся; Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць (у 1 знач); Круці не круці, а трэба памерці; Смерць не ручаінка – не пераскочыш; Смерць ў бутэльку не заткнеш. – Мацвей, налівай чаркі... Давайце памянём... І Васілька дарагога... – Мама, не расстройвайся. Гэтым жа не паможаш. Тут жа ва ўсіх бяда. Смерць нікому ў зубы не глядзіць. Ці ты стары, ці малады, – супакойвала нявестка Нэля (Л. Левановіч. Бесядзь цячэ ў акіян). – Прыказкі, кн. 2, с. 411: Смерць у зубы не глядзіць. Смерць у бутэльку не заткнеш. Пра немагчымасць пераадолець смерць. Сін.: Ад смерці доктара няма; Ад смерці не адкупішся; Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць (у 1 знач.); Круці не круці, а трэба памерці; Смерць не ручаінка – не пераскочыш; Смерць нікому ў зубы не глядзіць. Народ часцяком мусіў памінаць нябожчыкаў самагонам уласнага вырабу. Прыгаварваючы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
5 👁
 ◀  / 696  ▶