Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÑСкрыпучае (скрыплівае) дрэва доўга скрыпіць (стаіць). Чалавек хваравіты ці такі, што прытвараецца хваравітым, доўга жыве. Што ні кажы, а [айчым] паранены на вайне. Рана хоць і загаілася, але даймала яму ўвесь час. Праўду, мабыць, кажуць – скрыплівае дрэва доўга скрыпіць... (І. Капыловіч. Айчым). – Ці мала хто жыве за Рысавам-Барысавам, мне шэсцьдзесят гадочкаў, а ледзьве хаджу, а цябе і калом не заб'еш, – заступаецца за жанчын маці. – Ледзьве ха-а-джу-у, – перадражнівае бацька, – скрыпучае дрэва доўга стаіць (В. Шырко. О, sanctа simplicitas!). Скрыпучае дрэва жывучае. – А як ваша здароўе? – Скрыпучае дрэва – жывучае. Толькі адаспацца няма часу (І. Гурскі. Вецер веку). Скрыпучая вярба два вякі жыве. – Ке-хе, ке-хе, ке-хе! – неяк ненатуральна закашляўся Асон. – Парахня з мяне ўжо сыплецца, я во – ледзь дачоўп. «Скрыпучая вярба два вякі жыве», – хацеў сказаць Міхаль, але не стаў крыўдзіць Асона (А. Кандрусевіч. Пад рэактыўным гулам). * [Хворы на сухоты лёгкіх і касцей, Р. Мурашка 28. 03. 1944 г. з партызанскага атрада пасылае ў Маскву К. Чорнаму ліст, які пачынаецца так:] Ты ўжо, напэўна, не спадзяваўся пачуць што-небудзь пра мяне калі. Але на дзіва я яшчэ жывы, – чорт яго ведае гэтыя рыпучыя дрэвы... Чуў, братка, што ты быў вельмі хворы, але ад душы рады, што выкараскаўся. Не час яшчэ, браце, збірацца туды, не час, – трэба рыпець... Краіна наша здратована, прытоптана і забруджана звярамі ў выглядзе людзей. Народ наш перажывае немаведама якія пакуты – я гэта бачу на свае вочы штодня, штохвіліны. А таму трэба рыпець, братка. Бо народ наш павінен убачыць волю сваю і славу сваю. – Насовіч, с. 150: Скрыпучае дзерава доўга стаіць; Федароўскі, с. 95: Скрыпліва дзерава перажыве і здаровае; Прыказкі, кн. 2, с. 216: Скрыпучае дрэва два вякі стаіць. Скрыпучая вярба два вякі жыве. Гл. Скрыпучае (скрыплівае) дрэва доўга скрыпіць. Скупы два разы траціць. Скупы застаецца ў пройгрышы, церпіць няўдачу. Гаворыцца як асуджэнне скупасці. – Гэй, вязі [вугаль], дай пагрэцца!.. – Ідзі бяры шуфель – пагрэешся, чаго ж!.. – Ну, як сабе хочаш: скупы два разы траціць, – крыкнуў яму ў спіну мардаты грузчык... (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). Скупы плаціць двойчы. Каб пераадолець адставанне, потым спатрэбіцца працяглы час, спатрэбяцца большыя, чым цяпер, асігнаванні. Яшчэ раз пацвердзіцца ісціна: скупы плаціць двойчы (ЛіМ
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

забеш
10 👁
 ◀  / 696  ▶