Ñ– Прыказкі, кн. 1, с. 127: Сей авёс у гразь – будзеш князь; Кінь мяне ў гразь, то будзеш князь. Села Паланея, думала, што паранее. Гаворыцца як папрок ці асуджэнне каго-н. за тое, што зусім не гатовы да чаго-н., спазніўся зрабіць што-н. – Ён паслязаўтра едзе. – А божачкі! Паслязаўтра? Дык чаго мы сядзім? Села Паланея, думае, што паранее! Не сабрана ж нічога! Ты, сынок, на гару злазь, сундучок паглядзі, мо памыць яго трэба, а то пэўна, мышы лазілі... Штаны ж трэба залатаць, нацельнае паглядзець... (М. Гіль. Вяртанне). Сем бед – адзін атвет. Рызыкнём, а калі прыйдзецца адказваць, то за ўсё адразу. Гаворыцца, калі хто-н. рашыў зрабіць нешта рызыкоўнае і гатоў несці адказнасць за гэта. Сін.: Ці за адну нагу вісець, ці за дзве – адна ласка. [Навум:] Бяды ж горшай не будзе; дай ну ж пець да выспевываць усю праўду. У пана аж вушы павялі. Думаю сабе: сем бед, да адзін атвет. Чаго тут маўчаць? (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Трэба нейкі час пачакаць... – Каб паліцыя адумалася? «Сем бед – адзін атвет»... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Сем бед за раз – адзін адказ. Камісія, прысланая інстытутам, закончыла расследаванне і, мабыць, як ён [Васько] і чакаў, абвінаваціла калгас. «Інакш і быць не магло, – падумаў ён. – Дзе ўжо яны возьмуць віну на сябе. Ну, і ліха з імі. Сем бед за раз – адзін адказ» (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік). – Відаць, запазычана з рускай мовы: Семь бед – один ответ. – Насовіч, с. 148: Сем бед, адзін атвет; Ляцкі, с. 41: Сем бед – адзін атвет; Федароўскі, с. 15: Сем бед – адзін атвет. Сем бед за раз – адзін адказ. Гл. Сем бед – адзін атвет. Сем гадоў мак не радзіў, а голаду не было. 1. Гаворыцца іранічна пра якія-н. агародныя расліны або хлебныя ці кармавыя злакі, калі і без іх можна абысціся ў гаспадарцы. – Таксама культуру знайшлі. Бура-кі! – хіхікалі больш свавольныя. – «Сем гадоў мак не радзіў, а голаду не было». Жылі ж неяк і без буракоў... (В. Праскураў. Святая сівізна). «Сем год мак не радзіў, а голаду не было». Гэта – цэлая аповесць, у якой ёсць усё: гумар, іронія, добрая ўсмешка, годнасць, нацыянальная адметнасць, духоўнасць, дабрыня і мудрасць (Я. Сіпакоў. Дні за спіною). 2. Дагэтуль абыходзіліся без якіх-н. навыкаў, новаўвядзенняў, і цяпер яны непатрэбныя. Пра непрымальнасць чаго-н. новага. Рэкламны шчыт на вуліцах горада: «Вырос? Купи себе офис!» Ага, мусіць, і праўда: сем год мак не радзіў, а голаду не было... (Я. Сіпакоў. Дні за спіною
9 👁