Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ðрукапісы?..). У журналіста пішучага ёсць адна рашаючая перавага: блакнот. У яго ты заносіш на ўсякі выпадак усё, што чуеш і бачыш. Калі потым пішаш артыкул, выбіраеш патрэбнае, але непатрэбнае застаецца таксама. І праз нейкі час бачыш, што гэта непатрэбнае якраз і было самым патрэбным. Можа быць, адзіным і патрэбным. Рукапісы не гараць. Класік меў рацыю... (Звязда. 2001, 30 мая). Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывілізацыі – вялікая сіла. Рукапісы не гараць, але не ўсе гараць і даносы, што ўвогуле памагае ісціне, да якой імкнецца літаратура... Пройдзе небагата часу, і мы пераканаемся, што не толькі рукапісы не гараць, але сказанае застаецца. У тым ліку і сказанае ў сакрэтных аддзелах КДБ (В. Быкаў. Доўгая дарога дадому). – Запазычанне з рускай мовы. Паходзіць з рамана М. Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1929–1940), дзе ў 24-м раздзеле Майстар гаворыць, што не можа паказаць напісаны ім раман аб Понціі Пілаце, бо «спаліў яго ў печцы». «Даруйце, не паверу, – адказаў Воланд, – гэтага быць не можа. Рукапісы не гараць». І праз кароткі час усе ўбачылі «тоўстую пачку рукапісаў». Рука руку мые. Адзін выгароджвае другога ў якой-н. несумленнай справе. Сін.: Нага нагу падпірае, рука руку абмывае; Чорт за чортам цягне. «Чаму ж з ім [начальствам] не падружыць? Як кажуць, рука руку мые, – разважаў Данілка. – Дагаджу я, дагодзяць і мне» (П. Пестрак. Вярнуўся). – Заводу патрэбна насенне... Дык у чым справа? Я вам дастану. Але... – Што? – Рука руку мые, – усміхнуўся Прыбыткоўскі (І. Гурскі. Шумяць лясы зялёныя). Варанецкі і Бобрык – адна «шайка-лейка», не можа быць, каб рука руку не мыла. Інакш іх адносіны Выжлік сабе ўявіць не мог (І. Дуброўскі. Зямныя вузлы). Той жа былы сакратар партыйнай арганізацыі калгаса.. прапісаўся ў новай кватэры ў Мінску. А калі спытаеш, на якіх правах, то я і адкажу, што рука руку мые. Як кажуць: ты мне – я табе (А. Казлоў. І птушкі не спяваюць). – Калька з лацінскай мовы: Manus manum lavat. – Насовіч, с. 145: Рука руку мыець; Федароўскі, с. 226: Рука руку мые, каб абедзве былі белы. Рукі вымажаш – вадою памыеш, душу вымажаш – і мылам не адмыеш. Гл. Рукі пабрудзіш – вадою адмыеш, душу забрудзіш – і мыла не паможа. Рукі пабрудзіш – вадою адмыеш, душу забрудзіш – і мыла не паможа. Ад ганебных учынкаў, амаральных паводзін не ачысцішся. – Усё будзе добра, баця, – вінавата гаварыў Валодзька
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 696  ▶