Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÐРозум не сякера – не пазычыш. Кажуць пра таго, хто робіць бязглуздыя ўчынкі. Сярод дзяцей таксама трапляліся неслухі, «што ўбіў, то і ўехаў», падпадалі пад уплыў людзей не лепшых у вёсцы. «Розум жа не сякера – не пазычыш». Ды і схільнасці не ў кожнага былі да таго, да чаго яго прывучалі (Б. Сачанка. Вечны кругазварот). – Янкоўскі, с. 149: Розум не сякера – не пазычыш. Розуму грашыма не заменіш. Пра перавагу разумных дзеянняў над усім іншым. Заўважалася, бралася на заметку ўсё – як дзе нарыхтоўваюцца кармы, што чым засяваецца і на якім полі, якая тэхніка лепшая, і самае галоўнае – арганізацыя працы. На гэта Кунцэвіч глядзеў больш за ўсё і гаварыў: розуму грашыма не заменіш (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока). – Прыказкі, кн. 1, с. 475: Розуму грашыма не заменіш. Розуму ў чужую галаву лапатай не накладзеш. Свайго розуму не дасі каму-н., не прымусіш каго-н. рабіць так, як хацелася б. Сін.: Розум не кулеш, у галаву не накладзеш. Цяпер Зазыба ўспамінаў пра тую размову ў Сідаравай хаце, як пра нешта вартае спагады: да чаго можа давесці пачуццё перасцярогі, выкліканае не столькі бояззю за даручаную справу, колькі недаверлівасцю. Тым не менш на душы ў Зазыбы было прыкра, хоць ён і добра ведаў, што розуму ў чужую галаву лапатай не накладзеш (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). – Насовіч, с. 145: Розуму ў чужую галаву лапатай не накладзеш. Ружы без калючак не бывае. Прыгожага, прыемнага, добрага ў жыцці не бывае без горычы, непрыемнасцей. * Ружы ў садзе не радавалі, марская галька ў кабінеце перастала шумець морам. Але руж няма без шыпоў – хто гэтага на свеце не ведае? Таму і шыпы прымаліся як належнае, думалася: «Часовае!.. Палепшае!..» (А. Лойка. Як агонь, як вада). – Недакладная калька з нямецкай мовы: Keine Rose ohne Dornen (літаральна «няма ружы без калючак»). – Ліцвінка, с. 120: Ружы без калючак не бывае. Рукапісы не гараць. Функц. не зам. Ужываецца як сцвярджэнне, што рукапісныя тэксты (звычайна пісьменнікаў) не знікаюць бясследна, рана ці позна знаходзяць доступ да чытача. У некаторых [пісьменнікаў] пасля смерці засталіся ненадрукаваныя пакуль што творы. Навошта іх трымаць, хаваць ад народа? «Рукапісы не гараць» – добрае суцяшэнне, але на практыцы бывае ўсяк. Колькі іх ужо згарэла, загінула! (Б. Сачанка. Гараць ці не гараць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
8 👁
 ◀  / 696  ▶