Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÐРанняя птушка (птушачка, пташачка) зубкі (крылкі) цярэбіць, а позняя вочы працірае. Працавіты чалавек ужо наробіцца да таго часу, пакуль гультай толькі прачынаецца. [Навум:] Баш, як добра заранее карчму праведаць. Не дарма кажа прымаўка: ранняя пташачка крылкі цярэбіць, а позняя вочы працірае (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). Ранні зайчык зубкі цярэбіць, а позні вочкі прадзірае. – Бачыш, як некаторыя робяць! – А ён рот нараспашку ды язык на плячо, – ужо зусім нязлосна сказаў Парфён Вяршкоў пра Рамана Сёмачкіна. – Ранні зайчык заўсёды цярэбіць зубкі, а позні вочкі прадзірае (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). – Насовіч, с. 144: Ранняя птушачка носік цярэбіць, а позняя вочкі праціраець; Федароўскі, с. 347: Ранні зайчык зубкі цярэбіць, а позні вочкі прадзірае; Прыказкі, кн. 1, с. 176: Ранняя птушка зубкі цярэбіць (цярэбе, прачышчае), а позняя вочы (вочкі) працірае (прадзірае). Родная зямелька як зморанаму пасцелька. Пра замілаванне да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хто-н. Сін.: Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка; Дзе воўк радзіўся, там і куст яму міл; Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся; Для ўсякай птушачкі сваё гняздо мілае; Міл той куток, дзе абрэзалі пупок; Мой родны кут, як ты мне мілы; Няма лепшае справы ад свае хаты; У родным краю, як у раю. – Во, суседка, і добра, што вярнулася [на радзіму]... – А нягож... Родная зямелька як зморанаму пасцелька... (І. Галубовіч. Кувала зязюлька). Якіх толькі добрых слоў не напрыдумваў беларус пра сваю карміцельку!.. «Родная зямелька – як зморанаму пасцелька»... (Я. Сіпакоў. Наша зямля). Трэба выхоўваць моладзь на любові да роднай старонкі, не ў званы званіць, а штодзённа, клапатліва адстойваць хрысцянскія каштоўнасці. Як пісаў Антон Бялевіч: «Чалавек без радзімага краю, як без песні ў гаі салавей». Родная зямелька – зморанаму пасцелька (У. Гук. Адзін дуб у полі – не лес). – Прыказкі, кн. 1, с. 287: Родная зямелька як зморанаму пасцелька. Розум не кулеш, у галаву не накладзеш (не ўвальеш). Не прымусіш каго-н. абразуміцца, рабіць так, як хацелася б. Сін.: Розуму ў чужую галаву лапатай не накладзеш. Даўбешка ты! Праўду кажуць: розум не кулеш, у галаву не накладзеш (А. Мрый. Алё, Алёна!). – Янкоўскі, с. 149: Розум не кулеш, у галаву не ўвальеш. Розум не кулеш, у галаву не ўвальеш. Гл. Розум не кулеш, у галаву не накладзеш (не ўвальеш
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
16 👁
 ◀  / 696  ▶