Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ï– Прыказкі, кн. 1, с. 106: Прыдзець Ілья – наробіць гнілля; Прыйшоў Ілья – даў гнілля. Прыйдзе і на крапіву мароз. Гл. Будзе (прыйдзе) і на крапіву мароз. Прыйдзе і на нашу вуліцу свята. Гл. Будзе калі-небудзь, некалі і на нашай вуліцы свята. Прыйшла каза да ваза, а скубці няма чаго. Пра кепскія вынікі ў якой-н. справе. Вось вынікі падпіскі на выданне: індывідуальная падпіска – 115, ведамасная – 1106, усяго – 1221 экзэмпляр... Як кажуць у народзе, прыйшла каза да ваза, а скубці няма чаго... Такіх мізэрных паказчыкаў яшчэ ніколі не было (ЛіМ. 2004, 17 верас.). – Насовіч, с. 137: Прыйдзе каза да майго ваза прасіць сена; Федароўскі, с. 141: Прыйдзе каза да ваза прасіць аброку, дастане кіем па боку; Прыйдзе каза да воза, ды не будзе сена. Прыйшла Прачыстая – усё поле чыстае. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Прачыстая – свята ў хрысціян, якое прыпадае на 15 жніўня (па старым стылі). У сёлах звычайна казалі: «Прыйшла Прачыстая – усё поле чыстае». Ні снапа, ні каліва, ні зярняці, ні бульбіны ў полі не асталося (С. Грахоўскі. Мястэчка... Мястэчка). – Прыказкі, кн. 1, с. 109: Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае. Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Кажуць з гумарам пра гурт людзей, асабліва жанчын, калі яны, выпадкова сабраўшыся, гавораць пра розныя дробязі. Вам, бабачкі, толькі даволі есці ды піці, а для галавы нічога не трэба... Во сабраліся гандзюліць. Як той казаў, прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Толькі і ведаеце, як лалэхаць языком (А. Мрый. Алё, Алёна!). – Насовіч, с. 139: Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр; Выслоўі, с. 98: Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Прыйшлі (мінулі) Пакровы – заганяй у хлеў каровы. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Пакровы (Пакроў) – свята ў хрысціян, якое прыпадае на 1 кастрычніка (па старым стылі). Мы [пастухі] супакоіліся і цягнулі сваю службу да канца – гэта значыць да Пакроў. «Прыйшлі Пакровы – заганяй у хлеў каровы» – гаворыцца ў народнай прыказцы. Так было і ў нас (А. Якімовіч. Канец сервітуту). «Мінулі Пакровы – заганяй у хлеў каровы», – прускаўцы не заўсёды трымаліся гэтай прымаўкі і, калі дазваляла надвор'е, выганялі статак пасля
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

надворе
8 👁
 ◀  / 696  ▶