Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ïхавалася. А старшыні сказаў: – Нічога, Захар: перамелецца – мука будзе. – Або мукá, або мýка, – уздыхае старшыня (Я. Колас. На ростанях). [Ракітны:] Заява непакоіць? Глупства ўсё гэта. Перамелецца – мука будзе (К. Крапіва. На вастрыі). Падтрымаеце мяне – будзеце жыць і гора не мець... А што думае Саша – гэта мне і так вядома. Нічога. Перамелецца – мука будзе (І. Шамякін. Трывожнае шчасце). Ты не перажывай надта. Перамелецца – мука будзе (А. Рыбак. Трэба было жыць). * [Янка:] Ці ж першыя для Менску гэтыя трывожныя мінуты? Час было б, цётачка, і прывыкнуць да іх. [Гануля:] Ды яно ж так. Але сваім чынам да дзела ўсё гэта, ах, як да дзела! [Янка:] Э! Ліха перамелецца і мука будзе (Я. Купала. Тутэйшыя). – Насовіч, с. 126: Перамелецца, мука будзе; Федароўскі, с. 190: Усё перамелецца, а мука будзе; Прыказкі, кн. 1, с. 457: Перамелецца – мука будзе. Пераможцу (-аў) не судзяць. Функц. не зам. Гаворыцца ў абарону таго, хто хоць і заслугоўвае крытыкі ці іншага пакарання, але яму можна гэта прабачыць з-за яго ранейшых значных поспехаў, перамог у чым-н. – І я доктара падтрымліваю, – ажывілася Грыноўская. – Узгрэйце яго, Міхал Сцяпанавіч. – З прыемнасцю. Але пераможцу не судзяць... (І. Гурскі. У агні). – Я ж штаны з цябе павінен зняць за тое, што адбываецца. А ты і мяне ў саўдзельнікі гэтага злачынства запісваеш... – Пасля, Іван Хведаравіч, разбярэмся. Здымеш з мяне штаны, калі выратуем хлеб. А выратуем – я голы, без штаноў, прайду праз увесь Княжбор. – Пераможцаў не судзяць, на гэта спадзяешся... (В. Казько. Неруш). – Вайна для яго [Чарнухі] стала спортам. Памятаеш гісторыю з бронедрызінай? – Пераможцаў не судзяць (А. Дзялендзік. Грэшная любоў). Акапян чакаць не мог. Зямля прагрэлася, падсохла, самы час араць. Загадаў забраць усе плугі для калгасаў свайго раёна. Так і зрабілі. Ён прыкінуў: пакуль у вобласці будуць чухацца, яны адсеюцца, а пераможцаў не судзяць (Л. Левановіч. Палыновы вецер). – Паўкалька з рускай мовы. Прыпісваецца імператрыцы Кацярыне ІІ, якая нібыта гэтак сказала пра Суворава, калі той самавольна павёў войскі на штурм Туртукая і авалодаў горадам. Пераначуем, болей пачуем. 1. Гаворыцца з надзеяй пачуць у бліжэйшы час што-н. новае. [Броня:] І сёння нейкага чына хавалі. Кажуць, ля Рудзенска недзе партызаны ўходалі. [Гудовіч:] Ну вось! А ты казала, няма добрых навін. [Броня:] Дык гэта мала. [Гудовіч:] Пераначуем, болей пачуем (К. Крапіва. З народам). – Коля, ці не
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶