Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ïлы, або... (К. Чорны. Трэцяе пакаленне). Просіць [Мікодым] братоў, каб выслалі грошай на дарогу дадому. Хоча на сваім котлішчы памерці. Ці вазьмі тых, што ў турмах сядзяць. Пакуль... да бога, то чорт душу выме (У. Дамашэвіч. Дзявочая клятва). – Ты чуў? Кажа, такім, як ты, няма ўжо даверу. Дык каму ж тады? – Улада яшчэ не асталявалася, вось яны і стараюцца... Гэта самаўпраўства. – Я ж і кажу, – зноў крыкнуў, каб перабіць грукат калёс, ведравецкі сваяк, – пакуль да бога, так чорт душу выме (В. Адамчык. І скажа той, хто народзіцца). – Федароўскі, с. 68: Пакуль да бога, то чорт душу выме; Раманаў, с. 84: Пакуль да бога, то чорт душу выме, пакуль да цара, то пан і скуру здыме. Пакуль дзіця не заплача, маці не дагадаецца. Гл. Дзіця не плача, матка (маці) не дагадаецца. Пакуль жаніцца – загаіцца. Гаворыцца жартаўліва як суцяшэнне таму, хто параніў што-н., выцяўся і пад. – Бывае, брат, і горш. Ну, нічога. Пакуль жаніцца – загаіцца, – кажа бацька, узяўшы Алеся на рукі (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). – Пакуль жаніцца, загаіцца, – успомніў я матчыну прыказку, калі яна вымала часам стрэмку з нагі, а я крычаў (Р. Няхай. Шлях на Эльбу). Проста так нас таўкуць без усякага і ўсё па дзесяць разоў на дзень. Мы ўжо звыкліся з гэтым і з болем звыкліся. Пабаліць, пабаліць і перастане, пакуль жаніцца – загаіцца (В. Казько. Но пасаран). Сашка перавязаў нагу чыстай анучкай і зажмурыў вочы: – Разумееш, так тузае, нібы б'е токам. Але гэта нічога, пакуль жаніцца – загаіцца (В. Дайліда. Гарох пры дарозе). – Раманаў, с. 309: Пакуль жаніцца – загаіцца; Ляцкі, с. 32: Пакуль жаніцца – загаіцца; Прыказкі, кн. 2, с. 219: Пакуль жаніцца – загаіцца, а ўміраць, то і не знаць. Пакуль жывеш – усяго трэба, а як памрэш – чатыры дошкі і зямлі трошкі. Гаворыцца пра пастаянныя клопаты, надзённыя інтарэсы аж да самага канца чалавечага жыцця. Пакуль жывеш – усяго трэба, а як памрэш – чатыры дошкі і зямлі трошкі (Эпіграф да падраздзела з твора В. Гігевіча «Пярэварацень»). Пакуль жывеш – усяго трэба. Так і я. Як жыла, то старалася. Дапамагала сыну і мэблю справіць, і дываны. І кватэру з-за мяне большую далі (У. Сауліч. Сабака з залатым зубам). – Прыказкі, кн. 2, с. 417: Пакуль жывеш – усяго трэба, а як памрэш – чатыры дошкі і пяску трошкі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 696  ▶