важай чужое, але і свайму ганьбы не давай (І. Лепешаў. Пра два зборнікі прыказак).
Павінную галаву <і> меч не сячэ. Таго, хто раскайваецца, не караюць. Кажуць, калі даруюць вінаватаму, які раскайваецца, або калі спадзяюцца на дараванне. Сін.: Пакаянную галаву не сякуць. – Каго на плаху? – вачыма паказвае на выбітае акно настаўнік. 5 С не ведае, што адказваць. – Павінную галаву меч не сячэ, – папярэджвае настаўнік. 5 С здагадваецца пра сэнс яго выслоўя (А. Васілевіч. Новы свет). Ну што ж, душа любезны, павінную галаву і меч не сячэ. А памылкі бываюць. Конь на чатырох нагах – і то спатыкаецца. Мы – людзі, на сваіх дваіх (Л. Левановіч. Паводка сярод зімы).
* – Мы яшчэ вернемся на бацькаўшчыну, а толькі не з пакаяннем... – Пакаянную галаву меч не сячэ, – заўважыў Кунцэвіч (І. Гурскі. Чужы хлеб).
– Насовіч, с. 128: Павіннай галавы і меч не ймець; Прыказкі, кн. 2, с. 328: Пакорную галаву і меч не сячэ.
Паганае да чыстага не прыстае. Гл. Бруднае (паганае) да чыстага не прыстае.
Паганая авечка ўвесь статак псуе. Гл. <Адна> паршывая (шалудзівая, паганая) авечка ўвесь статак псуе.
Пад гумар жартуюць, а ў злосці катуюць. Пра тых, хто ўсяляк прыніжае падняволеных ім людзей і здзекуецца з іх. Без мовы, без роднага слова, народ, як тое быдла, з якім робяць хто што хоча. Пад гумар жартуюць, а ў злосці катуюць. Прыпамятай, беларусе, што з табой выраблялі?! (Я. Лёсік. «Вольная Беларусь»).
Пад кожнай крышай (у кожнай крышы) свае мышы. У кожнага свае асаблівасці, звычкі, клопаты і пад. Выйдзе [чалавек] на людзі, пабачыць людзей, пачуе людзей і ці падумае, ці падкажуць: пад кожнай крышай свая мыша (свае мышы) (Ф. Янкоўскі. Хітра, мудра...). – І жыццё навокал якое, і людзі харошыя. Ат жа завёўся нейкі гнілляк... – Дзе мёд, там і мухі. – У кожнай крышы – свае мышы, – пагадзіўся дзядзька Коля (Полымя. 1989. № 6).
– Прыказкі, кн. 1, с. 193: У кожнай крышы ёсць свае мышы.
Пад ляжачы камень вада не цячэ (не пацячэ, не бяжыць, не пабяжыць). Калі нічога не рабіць, то справа не зрушыцца з месца, нічога не зменіцца. Кажуць, калі хто-н. бяздзейнічае, не клапоціцца пра якую-н. справу. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Кастусь паехаў у Мінск: трэба паспрабаваць трапіць да губернатара. А можа, і пашанцуе (С. Александровіч. На шырокі прастор). –
99 👁