Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ïважай чужое, але і свайму ганьбы не давай (І. Лепешаў. Пра два зборнікі прыказак). Павінную галаву і меч не сячэ. Таго, хто раскайваецца, не караюць. Кажуць, калі даруюць вінаватаму, які раскайваецца, або калі спадзяюцца на дараванне. Сін.: Пакаянную галаву не сякуць. – Каго на плаху? – вачыма паказвае на выбітае акно настаўнік. 5 С не ведае, што адказваць. – Павінную галаву меч не сячэ, – папярэджвае настаўнік. 5 С здагадваецца пра сэнс яго выслоўя (А. Васілевіч. Новы свет). Ну што ж, душа любезны, павінную галаву і меч не сячэ. А памылкі бываюць. Конь на чатырох нагах – і то спатыкаецца. Мы – людзі, на сваіх дваіх (Л. Левановіч. Паводка сярод зімы). * – Мы яшчэ вернемся на бацькаўшчыну, а толькі не з пакаяннем... – Пакаянную галаву меч не сячэ, – заўважыў Кунцэвіч (І. Гурскі. Чужы хлеб). – Насовіч, с. 128: Павіннай галавы і меч не ймець; Прыказкі, кн. 2, с. 328: Пакорную галаву і меч не сячэ. Паганае да чыстага не прыстае. Гл. Бруднае (паганае) да чыстага не прыстае. Паганая авечка ўвесь статак псуе. Гл. Адна паршывая (шалудзівая, паганая) авечка ўвесь статак псуе. Пад гумар жартуюць, а ў злосці катуюць. Пра тых, хто ўсяляк прыніжае падняволеных ім людзей і здзекуецца з іх. Без мовы, без роднага слова, народ, як тое быдла, з якім робяць хто што хоча. Пад гумар жартуюць, а ў злосці катуюць. Прыпамятай, беларусе, што з табой выраблялі?! (Я. Лёсік. «Вольная Беларусь»). Пад кожнай крышай (у кожнай крышы) свае мышы. У кожнага свае асаблівасці, звычкі, клопаты і пад. Выйдзе [чалавек] на людзі, пабачыць людзей, пачуе людзей і ці падумае, ці падкажуць: пад кожнай крышай свая мыша (свае мышы) (Ф. Янкоўскі. Хітра, мудра...). – І жыццё навокал якое, і людзі харошыя. Ат жа завёўся нейкі гнілляк... – Дзе мёд, там і мухі. – У кожнай крышы – свае мышы, – пагадзіўся дзядзька Коля (Полымя. 1989. № 6). – Прыказкі, кн. 1, с. 193: У кожнай крышы ёсць свае мышы. Пад ляжачы камень вада не цячэ (не пацячэ, не бяжыць, не пабяжыць). Калі нічога не рабіць, то справа не зрушыцца з месца, нічога не зменіцца. Кажуць, калі хто-н. бяздзейнічае, не клапоціцца пра якую-н. справу. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Кастусь паехаў у Мінск: трэба паспрабаваць трапіць да губернатара. А можа, і пашанцуе (С. Александровіч. На шырокі прастор
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶