Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
дзядзька; З мілым рай і ў шалашы; Не адразу Масква будавалася; Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе; Канец – дзелу вянец; Ружы без калючак не бывае і г.д. Сюды ж можна аднесці і некаторыя біблеізмы: Бог даў, Бог узяў; Бойся Усявышняга і не гавары лішняга. Вельмі многія размоўныя прыказкі вылучаюцца значнасцю ўнутранай формы, яркай вобразнасцю, наяўнасцю рыфмы, рытму, гукапісу, іншых спецыфічных якасцей паэтычнага характару, і гэта абмяжоўвае іх ужыванне гутарковым стылем, а таксама мастацкім маўленнем, істотная рыса якога – вобразнасць. Групу размоўных прыказак папоўнілі і некаторыя генетычна крылатыя выразы: Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала; Няма таго, што раньш было. Прастамоўныя прыказкі (іх каля 50) трэба разглядаць у складзе размоўнага стылёвага разраду як яго найбольш зніжаную частку, якая знаходзіцца як бы на перыферыі літаратурнай мовы, хоць гэта ніколькі не зніжае актыўнасці іх ужывання. Яны рэалізуюцца ў вусным маўленні, а таксама мастацкай літаратуры, але звычайна ў мове персанажаў. Прастамоўная афарбоўка прыказак часцей за ўсё ствараецца этымалагічным вобразам, які выклікае негатыўныя асацыяцыі. Вось некалькі прастамоўных прыказак «жывёльнага паходжання»: Апошняму парасяці цыцка пад хвастом; Вялікага сабакі вялікі брэх; Давялося свінні на неба глядзець; Каму што, а свінні месіва; Карова целіцца, а ў быка зад баліць; Пусці свінню пад стол, то яна захоча і на стол; Свіння лужыну знойдзе. Да гэтых прыказак можна далучыць і крапівоўскі крылаты выраз, які стаў прыказкай: Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч. У сінанімічным радзе Заракалася свіння за вугол хадзіць і Заракалася кошка мышэй лавіць першая прыказка, з улікам значнасці яе ўнутранай формы, ацэньваецца як прастамоўная, а другая – як размоўная. Кніжныя, размоўныя і прастамоўныя прыказкі, абазначаючы тую ці іншую з'яву, адначасова сігналізуюць аб пэўных тыпах маўлення. Яны не могуць ужывацца ў іншых, не характэрных для іх стылях, калі не лічыць выпадкаў мэтанакіраванага выкарыстання, напрыклад, кніжнай прыказкі ў гутарковым маўленні або размоўнай у публіцыстычным стылі. Разам з тым у мове, апрача стылістычна замацаваных, ёсць шэраг прыказак, не абмежаваных у сваім ужыванні толькі пэўнай сферай зносін. Гэта абумоўліваецца гістарычнай зменлівасцю мовы, грамадскай пераацэнкай той ці іншай прыказкі, пашырэннем або звужэннем межаў яе функцыянавання. Пераход адной з'явы ў другую адлюстроўвае бесперапынны і непазбежны працэс развіцця мовы. У гэтай сувязі ў кожны перыяд
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
63 👁
 ◀  / 696  ▶