Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Í– Прыказкі, кн. 2, с. 410: Нішто не вечна. Нішто чалавечае мне (ім і інш.) не чужое. Функц. не зам. Усё, характэрнае для людзей, уласціва і мне (ім і інш.). Часам ужываецца і як апраўданне якіх-н. людскіх слабасцей. Дома – «мамчын сынок», жыву з маці. За парогам – самастойны, упэўнены ў сабе. Без дрэнных звычак у будзённыя дні. У святы – нішто чалавечае мне не чужое (Маладосць. 2000. № 12). Я хачу, каб яны [вучні] зразумелі, што пісьменнікі – таксама жывыя людзі са сваімі слабасцямі і, наадварот, з жывою душою. Як кажуць, нішто чалавечае ім не чужое (У. Міхно. Адзін дзень у школе). Ёсць шмат і іншага, на чым даволі падрабязна спыняецца А. Вярцінскі. Бо дыпламаты – гэта жывыя людзі, і ім усё, як кажуць, чалавечае не чужое (Б. Сачанка. Папаўненне беларускай амерыканіяны). – Калька з лацінскага выслоўя, аўтар якога – рымскі пісьменнік Тэрэнцій (185–159 гг. да н. э.): Homo sum, humani nihit a me alienum puto (літаральна «Чалавек я, і нішто чалавечае мне не чужое»). Новае сітка на калку навісіцца, а старое і пад лаўкай наваляецца. Новы чалавек ці новы прадмет карыстаецца большай увагай, чым іншыя людзі ці іншыя прадметы. * [Марыся:] Казалі, што ён мае пару коней, дзве каровы, два валы да і свіран не пусты і ў гародах не стоўпіцца. [Пятрук:] Ах ты, гадзіна! На пальцах, бач, ужо палічыла, што Панас мае. Дык гэта так? Новае сітка на калочку вешаеш, а старое пад лаву кідаеш? А знаеш: стары друг лепш за новых двух (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). Сабраўся пан ды паехаў аглядваць свой новы маёнтак. Як паехаў, дык і застаўся там на ўсё лета: вельмі ж яму спадабаўся новы маёнтак. Праўду бо кажуць, што новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць (А. Якімовіч. Як Сцёпка з панам гаварыў). – Насовіч, с. 115: Новае сітца на колічку навісіцца; Раманаў, с. 305: Новае сітца на калку навісіцца, а старое і пад лаўкай наваляецца; Прыказкі, кн. 1, с. 216: Новае сітца на калку (на круку) навісіцца, а старое і пад лаўкай паваляецца. Новая мятла па-новаму мяце. Новы начальнік, кіраўнік дзейнічае па-свойму, па-новаму, заводзіць свае парадкі. Сін.: Новы поп, дык новае і маленне. З практыкі ўсе ведалі – новы начальнік рэдка працуе са старым штатам. Звычайна набірае новы. Ці прыводзіць з сабою з ранейшага свайго месца. Словам, новая мятла па-новаму мяце... (Б. Сачанка. Трэцяе вока). – Чаго чакаць, Леанід Сцяпанавіч
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶