Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íпакуль ціха (І. Шамякін. Бумеранг). Прайшоў месяц з дня аперацыі... Здаецца, я зрабіў памылку, даверыўшыся сябрам і звярнуўшыся да медыцыны. Ну крыху пабольвала ў баку (часам), быццам нічога страшнага. А цяпер у адначассе з нармальнага ператварыўся ў інваліда. Сапраўды – не чапай ліха, пакуль ціха (В. Быкаў. Ліст да Л. Лазарава). * Лезці на ражон нікому не рэкамендуецца. Не чапай нічога, не бойся нікога. Сядзі ціха, не чапай ліха (Я. Колас. На ростанях). – Глядзіце, зноў гэтая жахлівая птушка! Усю дарогу ляцела за намі і цяпер прысуседзілася. Трэба адагнаць яе прэч. – Не чапай крумкача, Родзька. Не будзі ліха, пакуль яно ціха (С. Кавалёў. Звар'яцелы Альберт). – Насовіч, с. 93: Не будзі ліха, няхай спіць; Прыказкі, кн. 1, с. 453: Не будзі ліха, калі спіць ціха; Не будзі ліха, калі ліха спіць; Ліцвінка, с. 61: Не руш ліха, калі яно спіць ціха. Не чапай ліха, пакуль спіць. Гл. Не чапай ліха, калі спіць ціха. Не чапай нічога і не бойся нікога. Гаворыцца як павучанне і як сцвярджэнне, што невінаватаму няма чаго баяцца. – Бываюць розныя людзі, што без дай прычыны прывяжуцца да цябе. І ўсё ж самае лепшае правіла: не чапай нічога і не бойся нікога. – А вось жа ты сядзеў ціха, нічога не чапаў, а прыстава збаяўся і задаў уцекача, – укалоў Лабановіч (Я. Колас. На ростанях). За парушэнне права ўласнасці таксама караюць, а таму: не чапай нічога і не бойся нікога (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). Мама вучыла: «Не чапай чужога – і не бойся нікога». А бацька: «Пазычай – а пра сваё дбай» (В. Рагаўцоў. Імгненні). Не руш чужога і не бойся нікога. – Загубіла Мархуту тое золата, – круцілі галовамі людзі. – Жыла б, як усе... А то... Спакою жанчыне няма... Не, не дарэмна кажуць: не руш чужога і не бойся нікога... (Б. Сачанка. Забытыя селішчы). – Насовіч, с. 92: Не бяры чужога нічога, не бойся нікога; Прыказкі, кн. 2, с. 439; Не руш (не бяры, не чапай) нічога, не бойся нікога. Нечая сучка мазь паела і сама сабе мазёнку на галаву надзела. Гаворыцца іранічна пра чыё-н. паведамленне ці сцвярджэнне, якому ніяк нельга паверыць. – Навошта табе было падпісваць гэту лухту? – Толькі з тае прычыны, што за мяжой жывуць не дурныя людзі. У крайнім выпадку не дурнейшыя за тых, што пісалі гэта «опровержение». І яму будзе столькі ж веры, колькі і таму, што нечая сучка мазь паела і сама сабе мазёнку на галаву надзела (А. Петрашкевіч. Воля на крыжы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зваряцелы
12 👁
 ◀  / 696  ▶