Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Í– Насовіч, с. 94: Не ўсё кату масленіца, будуць і загавіны; Прыказкі, кн. 2, с. 168: Не ўсё кату масленіца, прыйдзе і вялікі пост; Не заўсёды кату масленіца, бываюць і запускі. Не ўсё тое золата, што блішчыць (свеціць). Не ўсё прывабнае, знешне прыгожае мае вялікую каштоўнасць. Унучак, мяне, старога, паслухай: у жонкі трэба дзяўчыну браць не на красу багатую, а ціхую, губатую... Не ўсё тое золата, што блішчыць... (А. Масарэнка. Дыялогі). – Брыгада – казка. Можа, чулі?.. – Гэта тая, у якой тэатр?.. – Тая самая. Перадавая. Але не ўсё золата, што блішчыць. Пажывяце – самі пераканаецеся (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам). Нашы Балотцы «залатым дном» ахрысцілі. Перааралі іх гэтым самым плугам, што амаль у рост чалавека баразну гоніць, і цяпер – каторы год! – пакутуюць на тым «дне». Мылец узнялі наверх, а на ім нават сівец расці не хоча. І не будзе. Не ўсё тое золата, што блішчыць (В. Праскураў. Бярозавы сок). Пераборлівая вы сталі занадта. Красунь шукаеце і забываецеся, што не ўсё тое золата, што блішчыць. У чалавека павінна быць у першую чаргу прыгожая душа (І. Шамякін. Крыніцы). У пасляалімпійскім інтэрв'ю Алег Шэпель шмат добрых слоў сказаў пра бацькоўскі характар, жыццялюбства Людмілы Ваўчок.., два медалі Васіля Шаптабоя.. І ўсё ж не ўсё тое золата, што свеціць. Памятаеце просьбу-наказ Ядвігі Скарабагатай Людміле Ваўчок? (Беларуская думка. 2006. № 6). – Насовіч, с. 94: Не ўсё тое золата, што блішчыць; Прыказкі, кн. 2, с. 346: Не ўсё тое золата, што блішчыць (свеціць). Не ў службу, а ў дружбу. Кажуць, калі просяць зрабіць паслугу па дабрыні, а не па абавязку. Ведаеш, Сашок, не ў службу, а ў дружбу: маці даручыла мне аднесці вось гэты скрутак Марылі Шастаковай, швачцы... Аднясі ёй гэты скрутачак і аддай (А. Чарнышэвіч. На першы погляд). Люся, не ў службу, а ў дружбу – бутэльку шампанскага і цукерак (А. Дзялендзік. Аперацыя «Мнагажэнец»). Ты ўжо, братка, не распрагаючы, правязі яе [Раю] да Сярпішчына... Не ў службу, а ў дружбу (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Не ў службу, а ў дружбу, Васіль, – купі шкларэз там добры, бо мой ступіўся, а без яго, сам знаеш як – паб'ецца шыбка, то бяжы кланяйся каму (І. Капыловіч. Асенні гром). – Прыказкі, кн. 1, с. 382: Не ў службу, а ў дружбу. Не ўсякі той пан, у каго штаны навыпуск. Гаворыцца як іранічная ацэнка чалавека, схільнага да франтаўства. [Паўліна:] Адыдзі, не чапляйся, кароста! [Злыдзень (сам сабе):]. На дзіва нека
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

пабецца, інтэрвю
5 👁
 ◀  / 696  ▶