ÍНе ўрадзіў мак, перабудзем і так. Не мае асаблівага значэння. Гаворыцца пра якую-н. няўдачу як пра нешта неістотнае, нявартае ўвагі. * Колька пачаў вагацца, не ведаў, што рабіць: ці сапраўды паварочваць аглоблі назад і ў клуб, ці ўсё ж прывезці дзеду Мацвейку са Спорнага балота стажок? – Толькі тае бяды, што мак не ўрадзіў, – Банэд нечакана перадумаў пра клуб. – Давай і я з табой? Чым не памочнік, га? (І. Капыловіч. Мацвейкаў стажок). – Насовіч, с. 412: Не ўрадзіў мак, перабудзем (пражывём) і так. Не ў свае сані не садзіся. Не бярыся за справу, з якой не можаш справіцца. Сін.: Не поп, не ўбірайся ў рызы. Гутар звярнуўся да Алены Пятроўны: – Жонка аказалася разумнейшай за яго, яна папярэджвала: не ў свае сані не садзіся... (І. Гурскі. Вецер веку). [Пракапчук]: Ведаеце што, таварыш карэспандэнт ці як там... Я люблю папросту гаварыць, без хітрыкаў... Кожнаму коніку свой хамут: ці як мой дзед вучыў: не ў свае сані не садзіся... Вы ж да нас прыехалі не толькі як карэспандэнт, а і... і як быццам бы і жанішок (А. Макаёнак. Перад сустрэчай). * Адно скажу, што ногі людзі перабіць могуць, калі будзеш лезці не ў сваё. Не ў свае аглоблі не ўпрагайся, Мікіта (П. Галавач. Праз гады). – Прыказкі, кн. 2, с. 439: У чужыя сані не садзіся; БРС, т. 2, с. 438: Не ў свае сані не садзіся. Не ўсё (не заўсёды) кату масленіца прыйдзе і вялікі пост. Не заўсёды бывае для каго-н. толькі адно прыемнае, настане і нялёгкае жыццё. Гаворыцца, калі на змену бесклапотнаму жыццю прыходзяць цяжкасці, ускладненні. Сін.: Не заўсягды, як на дзяды. – Што ж, іх суд, іх і праўда, – заморгаў выцвілымі вачыма стары. – Але не заўсёды кату будзе масленіца – прыйдзе і вялікі пост. Людзі ўсё помняць, нічога не даруюць (І. Гурскі. Вецер веку). [Бусько:] Ён [Хведар Паўлавіч] цяпер хто? Ніхто. Пенсіянер. Яму цяпер няма чаго рабіць, вось хай і ходзіць. Быў час, хадзілі да яго, а цяпер хай і ён паходзіць. Не ўсё кату масленіца (А. Макаёнак. Пагарэльцы). Прымаўку «не ўсё кату масленіца» загадчык базы ўспомніў толькі на лаве падсудных (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Як вынік, таварышы строга асудзяць у Саўчыку ягоныя хібы, і Саўчык панясе партыйнае спагнанне. Не ўсё кату масленіца (В. Якавенка. Вясковыя дыспуты). * «Памятай, Мікола Крывавы: цяпер табе масленіца, але прыйдуць і посныя дні». Так канчалася брашурка (Я. Колас. На ростанях
5 👁