Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Сітуацыйная характарыстыка пачынаецца са слоў: «Кажуць пра...», «Кажуць, калі...», «Кажуць таму...», «Кажуць у апраўданне...», «Гаворыцца ў адказ...», «Гаворыцца як прапанова...» і інш. Так, тлумачальная частка прыказкі Ад ліха ціха, а дабра не чуваць складаецца з семантычнай і сітуацыйнай характарыстыкі: Нічога асаблівага, ні дрэннага, ні добрага, не чуваць. Жартаўлівы адказ на пытанне: «Што новага?» ці «Што чутно?» Калі прыказкі ўжываюцца толькі ў прамым значэнні і не патрабуюць лагічнай характарыстыкі, то яны нярэдка суправаджаюцца сітуацыйнай характарыстыкай: Абедаў, а жывот не ведаў. Кажуць пра дрэнную яду, калі хто-н. не пад'еў. Будзеш усё ведаць, хутка (скора) пастарэеш (састарышся, стары зробішся). Гаворыцца, часцей з незадавальненнем, як уніклівы адказ на пытанне суразмоўніка. У тлумачальную частку слоўнікавага артыкула ўваходзіць і адлюстраванне сінанімічных сувязей паміж прыказкамі. Калі прыказка мае сінонімы, то яны прыводзяцца ў канцы тлумачальнай часткі пасля скарачэння Сін. (сінонімы). Напрыклад: Адзін у полі не воін. Аднаму чалавеку, у адзіночку цяжка дабіцца чаго-н., справіцца з чым-н. Часцей ужываецца як апраўданне чыйго-н. бяссілля, бездапаможнасці. Сін.: Адзін дасужы, ды нядужы; Адзін і ў кашы няспорны; Адзін – не трапіш у кон, то выскачыш вон; Адна галавешка і ў печы тлее; Адной рукой і вузла не завяжаш; Адным калом плота не падапрэш. С т ы л і с т ы ч н а я х а р а к т а р ы с т ы к а. У сэнсавую структуру прыказкі ўваходзіць не толькі яе парэмійнае значэнне, лагічны змест, але і стылістычнае значэнне – канататыўны элемент, які экспрэсіўна-эмацыянальна афарбоўвае сэнсавы змест прыказкі, надае выказванню фамільярнасць, іранічнасць, жартаўлівасць, непашану, пагардлівасць і інш. Стылістычнае значэнне складаецца з двух кампанентаў, што выступаюць як розныя бакі адной з'явы: а) экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкі, якая надае прыказцы ацэначныя, эмацыянальныя і іншыя адценні, б) функцыянальна-стылёвай афарбоўкі, якая паказвае на прыналежнасць прыказкі да пэўнага стылю. Так, прыказка Не жолаб да каня, а конь да жолаба ідзе мае парэмійнае значэнне 'каму-небудзь непасрэдна самому трэба нешта рабіць, а не чакаць немагчымага ад іншых', а таксама экспрэсіўна-ацэначную афарбоўку неадабрэння чыіх-небудзь паводзін і належыць да разраду размоўных прыказак. Усе гэтыя тры кампаненты і складаюць сэнсавую структуру дадзенай прыказкі.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
93 👁
 ◀  / 696  ▶