Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Пераважная большасць прыказак рэалізуецца з поўным ці частковым пераносным сэнсам, а таму мае патрэбу ў растлумачэнні іх сэнсавага зместу. Паколькі прыказкі структурна арганізаваныя як сказ, то іх тлумачэнне ажыццяўляецца таксама праз сказ, просты ці складаны. Напрыклад, прыказка Быць бычку на вяровачцы тлумачыцца так: 'прыйдзецца расплачвацца за што-н., адчуць непрыемнасці'. Прыказка Колькі ваўка ні кармі, ён у лес глядзіць, утвораная па структурнай схеме складанага сказа, атрымлівае такое тлумачэнне: 'як ні старайся перамяніць сутнасць чалавека, яго прывычкі, якасці, яны абавязкова праявяць сябе'. У некаторых выпадках прыказка са структурай простага сказа вымагае семантычнай характарыстыкі ў форме складанага сказа, напрыклад: Ваўка ногі кормяць – 'каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, а не сядзець на адным месцы'. Прыказкі, у якіх адны словы пераасэнсаваліся, а другія захоўваюць сваё літаральнае значэнне, маюць патрэбу ў тлумачэнні толькі пераасэнсаваных слоў. Так, сэнсавы змест прыказкі П'янаму і мора па калена перадаецца з выкарыстаннем першага слова ў яго прамым значэнні: п'янаму нічога не страшна, нічога не значыць'. Прыказкі трэцяй групы не патрабуюць тлумачэння, бо іх кампаненты рэалізуюцца з прамым значэннем. Не тлумачацца, напрыклад, такія прыказкі: Брат любіць сястру багатую, а мужык жонку здаровую; Вучыцца ніколі не позна; Госць на парог – радасць у хату. Некалькі прыказак, уключаных у Слоўнік, маюць не адно, а два значэнні. Кожнае значэнне аддзяляецца парадкавай лічбай і, апрача першага, даецца з чырвонага радка. Паслядоўнасць размяшчэння значэнняў абумоўліваецца лагічнай сувяззю паміж імі. Першае значэнне звычайна канкрэтнае, літаральнае, вынікае з прамых значэнняў састаўных частак прыказкі; другое ж – абстрактнае, пераноснае. Напрыклад, прыказка Пешы коннаму не таварыш у яе першым значэнні не патрабуе тлумачэння, а яе другое значэнне – 'людзей, розных па характары, сацыяльным становішчы і пад., нішто не можа абяднаць'. Параўн. таксама такія прыказкі: Галоднай куме хлеб наўме; Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць; Дзе п'юць, там і льюць; Пераначуем, болей пачуем; Што пасееш, тое і пажнеш. У многіх выпадках, апрача семантычнай (лагічнай) характарыстыкі, узнікае неабходнасць даваць і сітуацыйную характарыстыку, г.зн. раскрываць сітуацыю, у якой ужываецца пэўная прыказка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
201 👁
 ◀  / 696  ▶