Лексічныя, марфалагічныя, словаўтваральныя, фанетычныя і акцэнтна-фанетычныя варыянты прыказак уключаюцца ў загаловак і даюцца ў круглых дужках: Задам (назад) толькі ракі поўзаюць (паўзуць, ходзяць). З вачэй (з воч) далоў і з сэрца вон. Каму шанцуе (пашанцуе), той і ў лапцях танцуе. Кось-кось (кося-кося, косю-косю), пакуль у аглоблі. Невучоны (нявучаны) як сляпы. Што да сінтаксічных і некаторых іншых варыянтаў, то іх звычайна нельга адлюстраваць у загалоўку. Таму яны прыводзяцца ўнутры слоўнікавага артыкула паўтлустым (як і ў загалоўку) шрыфтам. Напрыклад,у артыкуле У сям'і не без вырадка пасля загаловачнай прыказкі ідзе яе апісанне (семантычная характарыстыка з паказам сінанімічных сувязей) і ілюстрацыйны матэрыял, а затым даецца сінтаксічны варыянт Сям'я не без вырадка, які таксама ілюструецца адпаведнымі прыкладамі. Параўн. таксама: загаловачная прыказка Калі заб'еш бабра, то не будзе табе дабра і варыянт Хто заб'е бабра, не будзе мець дабра. Варыянты, уключаныя ў загаловак або пададзеныя ўнутры слоўнікавага артыкула, прыводзяцца і на адпаведным месцы агульнага алфавіта з адсылкай да асноўнай (зыходнай) формы. Напрыклад: Адвага гарады бярэ. Гл. Смеласць (храбрасць, адвага) гарады бярэ. Аўчына вырабу не варта. Гл. Не варта шкурка вырабу. Ашуканствам можна свет прайсці, але назад не вернешся. Гл. Маной (няпраўдай, хітрасцю, круцельствам) свет пройдзеш, а назад не вернешся. Не злоўлены – не злодзей. Гл. Не злавіў (не ўзяў) за руку, не кажы што злодзей. Факультатыўная частка прыказкі бярэцца ў ломаныя дужкі: За аднаго бітага двух нябітых даюць. Старасць не радасць а горб не карысць. У дачыненні да загаловачных прыказак, якія пачынаюцца з факультатыўнага слова, таксама выкарыстоўваецца сістэма адсылак: Лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Гл. Адна лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. С е м а н т ы ч н а я і с і т у а ц ы й н а я х а р а к т а р ы с т ы к а. Прыказкі паводле іх семантыкі, як ужо гаварылася ў «Прадмове», падзяляюцца на тры групы і ў гэтай сувязі тлумачацца з улікам іх сэнсавай матываванасці
29 👁