Íбярэцца за нязвыклую для яго справу. Знаёмства і гутарка прастадушнага Шайбака з жывым паэтам яшчэ раз пацвердзіла яго ўлюбёную прымаўку, што не святыя гаршкі лепяць. Патрэбна толькі смеласць (М. Паслядовіч. Цёплае дыханне). Прыгледзеўшыся да Шалюты на новай пасадзе, ён [Варановіч] паверыў, што з таго пры старанні можа выйсці раённы кіраўнік. Не святыя ж гаршкі лепяць. Ды і калі што – я табе памагу (Б. Сачанка. Вялікі Лес). – Што вопыт? Набудзеце яго ў самым хуткім часе... – Ну што ж, паспрабуем, Пятро Халімонавіч. – Вось і добра. Не багі ж, як гаворыцца, гаршкі лепяць (М. Лынькоў. Векапомныя дні). – Ого, каб мне набыць голас Валянціна Адамавіча! – З тваімі здольнасцямі гэта няцяжка. Ты далёка пойдзеш... – А што вы думалі? Не багі гаршкі лепяць (І. Шамякін. Снежныя зімы). Ды, у рэшце рэшт, не багі гаршкі лепяць. Авалодаць любой спецыяльнасцю няцяжка, калі за плячамі ўсяго дваццаць пяць, як у Сямёна (Я. Каршукоў. У першыя дні). * Я проста не маю права не пісаць. Калі я не буду пісаць, мне гэтага ніхто не даруе. А што, хіба святыя гаршкі лепяць? Не, не святыя, а зусім наадварот (Я. Васілёнак. Сучасная тэма). Кніжку выпусціць – многа праз сябе трэба прапусціць. Можа, калі і мы што выпусцім. Не святыя гаршкі лепяць, а ганчары, звычайныя, як мы з табой, людзі (Я. Ермаловіч. Малады старшыня). Рыфма, як бачыце, акаймавала вялікую філасофскую думку, што не толькі багі могуць ляпіць гаршкі (С. Шушкевіч. Пра рыфмы). Не багі гаршкі ляпілі – багі перунамі лупілі. Гаршкі ляпілі замораныя гаршкалепы з няблізкага Морына (Д. Бічэль-Загнетава. Гаршкалепы). – Федароўскі, с. 105: Не святыя гаршкі лепяць; Прыказкі, кн. 1, с. 158: Не святыя гаршкі лепяць. Не слухаеш ківа, дык паслухаеш кія. Гл. Не баішся ківа, пабаішся кія. Не смейся, рабе, дасць бог і табе. Кажуць у адказ на чые-н. насмешкі як папярэджанне ці спадзяванне, што і з суразмоўнікам можа здарыцца штосьці падобнае. Я так сташчаў, быццам на вайне быў. А яна, як амяла, што на дрэве, пухнатая, касматая. І ўсё насміхаецца з мяне: «Ты як конь здохлы». Ёсць прымаўка: «Не смейся, рабе, дасць Бог і табе!» Ніхто б і не падумаў, што ў яе смерць пад носам: ехала да сваіх палюбоўнікаў і папала ў аварыю (С. Лобач. Горкую лілею пакашу...). – Рабе – форма клічнага склону назоўніка раб. – Янкоўскі, с. 293: Не смейся, рабе, бо давядзецца і табе; Ляцкі, с. 30: Не смейся, брудзе, бо й табе будзе
11 👁