Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íпадтрымкі, дапамогі. [Наташа:] А яна такі трапіла. У маі месяцы. [Курбатаў:] Пад суд? [Наташа:] За суддзю... замуж выйшла. [Курбатаў:] Ага, не плюй у калодзеж, прыйдзецца напіцца (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка). Сяргей Сяргеевіч успомніў, як яны сварыліся з Карасікам і той крычаў наўздагон: «Не плюй у калодзеж, бо напіцца, можа, прыйдзецца» (В. Супрунчук. Сяргей Сяргеевіч). Ад гэтага ж міністэрства яшчэ як залежыць моц графа Замойскага на ваяводскай пасадзе. Так што, як кажуць, не плюй у калодзеж... (І. Аношкін. Чырвоная каліна стаяла). Не плюй у карытца – прыдасца напіцца. Бах, нашу Айчыну без нашае волі, як тую аўчыну ў шматкі папаролі. А нам чужы статут паднёс пяць паветаў, – жыві і ўладай тут! Ну, дзякуй за гэта!.. Не плюй у карытца – прыдасца напіцца. І «польскі», і «рускі», і ўсякі чорт іншы на сказ беларускі плюе, не купіўшы – каб нам, беларусам, і немач, і ліха... А мы што? – пад вусам бармочама сціха: не плюй у карытца – прыдасца напіцца (Я. Купала. Не плюй у карытца...). * [Янка:] Ці не паспяшаліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца – каб не прыйшлося напіцца (Я. Купала. Тутэйшыя). А цябе, мой друг, я папярэджваю, дарэмна ты плюеш у мой калодзеж, спатрэбіцца вады напіцца... (І. Гурскі. У агні). Не ведаю, як вы, а я рад, што маю зручны выпадак пагаварыць з вамі шчыра, ад усяго сэрца. Тэма нашай гутаркі: не плюй у крыніцу, давядзецца напіцца (А. Макаёнак. Старшыні выканкома...). – Раманаў, с. 303: Не плюй у ваду: давядзецца напіцца; Прыказкі, кн. 2, с. 458: Не плюй у ваду, згадзіцца напіцца; Не плюй у карытца, мо прыйдзецца напіцца; Не плюй у калодзеж, мо прыйдзецца напіцца. Не поп, не ўбірайся (не прыбірайся) у рызы. Не бярыся не за сваю справу. Сін.: Не ў свае сані не садзіся. – Вы тут самі з вусамі. Уносіць вам тут свае парадкі я і не думаю. Рабіце, што вам трэба. – Не поп – не ўбірайся ў рызы. Чаго сеў на кут? – гаварыла Ева, пазіраючы з-за Кузьмы на старшыню (Я. Ермаловіч. Ева.). Я яму, блазну, рукі за гэта паадбіваў бы – не лезь, куды не трэба! Не лезь! Не поп, не ўбірайся ў рызы... (Р. Няхай. Сарочы лес). Тамадой быў я. Быў – кажу катэгарычна – першы і апошні раз. Як той казаў: не поп, не прыбірайся ў рызы... (М. Пянкрат. Тамада). Калі не поп, дык не ўбірайся ў рызы (у рызу). А ўсё гэты чортаў Шлёма: не нагані яго чэрці – і ў галаву не прыйшло б Сцяпану купляць гэтыя дрынды. Ні іх надзець, ні іх перарабіць. Праўду казаў той Мікола: «Калі не поп – не ўбірайся ў рызы» (Я. Колас
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
8 👁
 ◀  / 696  ▶