Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íшуфлядзе – не знайшоў, паўшчуваў сябе: не паклаў – не шукай (М. Воранаў. Карона). – Прыказкі, кн. 2, с. 453: Не паклаўшы, не шукай. Не паклаўшы, не шукай. Гл. Не паклаў (не паклаўшы), не шукай. Не памыляецца той, хто нічога не робіць. Гл. Хто нічога не робіць, той не памыляецца. Не пераскочыў, не кажы гоп. Гл. Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў. Не пераскочыўшы, не кажы гоп. Гл. Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў. Не пі, не еш і з хаты не лезь. Пра вельмі дрэнную пагоду (звычайна зімой). Першая ваенная зіма была халодная. Як кажа прыказка: не пі, не еш і з хаты не лезь. Але з хаты трэба было вылазіць (Р. Сабаленка. Успомненае). – Насовіч, с. 164: Тры дні не пі, не еш, а з хаты не лезь; Прыказкі, кн. 1, с. 56: Не пі, не еш і з хаты не лезь; Не пі, не еш і з печы не лезь. Не піў – не мог, а выпіў – ні рук, ні ног. Часцей гаворыцца пра таго, хто пасля выпіўкі не хоча ці не можа працаваць. [Навум:] Досць таго лайдацтва, пойдзем у карчму да нап'емся гарэлкі: бо штось душы не вядзецца! Але няма чаго казаць, яно чы вып'еш, чы не, рабіць не хочацца; чалавек штось адвык ужэ ад дзела. Добра кажа тая пагаворка: не піў – не мог, а выпіў – ні рук, ні ног (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Прыказкі, кн. 2, с. 247: Не піў – не мог, а выпіў – ні рук, ні ног. Не плаціць багаты, а вінаваты. Той і заплаціць ці аддзячыць, хто вінен каму-н., хто мае доўг. Ты запісаў, браце, быў мне тыя пяць дзён у працапоўдні... Але – запішы на поўныя дні, што табе значыць? Ты вінаваты не будзеш. Праўда, не плаціць багаты, а вінаваты, гэта так, але – братачка ты мой! Я на тое месца наганю работаю. Пастараюся (К. Чорны. Брыгадзірава памылка). * – Маці просіць вас, пачакайце трошкі грошы за арэнду... Праз месяц, а то і раней мы ўсё сплоцім, яшчэ з працэнтамі нават... – Плаціць не багаты, а вінаваты. Перадайце гэта, будзьце ласкавы, сваёй маці... Бывайце здаровы!.. (З. Бандарына. Ой, рана на Івана). – Насовіч, с. 101: Не плаціць багаты, а вінаваты; Прыказкі, кн. 1, с. 345: Не плаціць багаты, а вінаваты. Не плюй у калодзеж, прыйдзецца напіцца. Не рабі непрыемнасцей каму-н., бо гэтым можаш у далейшым пазбавіцца чыёй-н
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

выпеш, напемся
7 👁
 ◀  / 696  ▶