Í– Прыказкі, кн. 1, с. 221: Як не пад'ясі, дык і залатую карэту прадасі. Не пад'ясі, то і святых прадасі. Галодны чалавек здольны на такія ўчынкі, якія б у іншых, нармальных умовах не рабіліся. – Ану распранайся, абедацьмеш. – Нешта не хочацца, мяне тут у адных дранікамі пачаставалі са смятанай. – Ты што, дзевачка, паесці ўсё роўна трэба. Не пад'ясі, то і святых прадасі (А. Кажадуб. Стрэчанне). [Янкель:] Калі чэсна, то мы з Ахметам такія іудзеі і мусульмане, як вы хрысціяне. Ды даруюць нам багі нашы. [Ахмет:] Ён ужо забыўся, што бальшавікі зрабілі і з нашымі верамі, і з нашымі багамі, і з нашымі мовамі, кнігамі, храмамі... [Янкель:] І намі самімі. Ім што габрэй, што татарын, што паляк, што беларус, што хахол – адзін быдлячы інтэрнацыянал. [Ахмет:] Таму і кіруемся вашай прымаўкай: не пад'ясі, то і святых прадасі (А. Петрашкевіч. Інтэрнацыянал па-беларуску). – Насовіч, с. 64: Калі не пад'ясі, і святых прадасі. Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы. Кажуць, звычайна іранічна, калі каму-н. даводзіцца цярпець пабоі ці іншыя непрыемнасці не ад чужых людзей, а ад сваіх жа. [Маргун (да Батуры, які таксама занепакоіўся, пачуўшы, што вось-вось павінна ўступіць у вёску польскае войска):] А табе чаго баяцца? Гэта ж вашы... Ты ж паляк, здаецца? [Батура (загадкава падміргвае):] Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы (К. Крапіва. Партызаны). Неўзабаве па нашай пазіцыі пачала прыстрэльвацца [наша] артылерыя. Андрэй [камандзір] быў чалавекам, які не ведаў страху. Ён і цяпер пачаў смяяцца, што не пазналі сваіх нашы, даюць бярозавай кашы (У. Калеснік. Доўг памяці). – Парэмійны наватвор К. Крапівы. Склаўся з двух выказаў. Першы – крыху зменены варыянт старадаўняй прыказкі з евангельскага тэксту: Своя своих не познаша. (Параўн. у зборніку В.З. Аўсянікава «Литературная речь» (М., 1933, с. 241): Своя своих не познаша, своя своих побиваша). Другая частка наватвора – фразеалагізм – бярозавая каша з дзеясловам-суправаджальнікам даць. – Насовіч, с. 147: Свой свайго пазнаў ды й на пачостку пазваў (з паясненнем: «Насмешка над пацярпелым ад свайго прыяцеля пабоі»). Не паклаў (не паклаўшы), не шукай. Гаворыцца, калі не ўдалося знайсці што-н., пакладзенае іншым. [Адам] хуценька напісаў [пісьмо], пацікавіўся ў лісце, колькі каштуюць пясцовыя шкуркі, пачаў шукаць канверт. Паглядзеў у кнігах, пакорпаўся ў
Дадатковыя словы
падясі
9 👁