Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Í– Ліцвінка, с. 46, 65: Не мне брахаць, а табе слухаць; Не табе гэта казаць, не мне слухаць. Не можа быць, каб лапці ваду прапускалі. Гл. Хто сказаў, што лапці ваду прапускаюць? Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы. Гаворыцца таму, хто недарэчна ўмешваецца ў чые-н. справы. Не ўмешвайся ты, бацька, не ў свае справы. Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы (К. Чорны. Зямля). Яны [куваднікі] усё ныюць, хныкаюць, бядуюць. Такому б я сказаў: – Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы! (К. Крапіва. Кувада). – Ну – чаго маўчыш? – А што гаварыць? Як казаў Крапіва, не можаш памагчы, дык лепей памаўчы (П. Місько. Градабой). – Насовіч, с. 100: Не можаш памагчы, то лепей памаўчы; Прыказкі, кн. 1, с. 371: Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы. Не мылься (дарэмна мылішся), галіцца не будзеш. Нават не думай зрабіць штосьці, бо з тваіх намераў нічога не атрымаецца. [Бусько:] Кім ты быў і кім ты стаў? Быў штучным бугаём, штучным бараном, штучным кнырам. А стаў інжынерам. Дык ты ўсётакі не кідаеш сваёй прафесіі? Разлагаеш мне апарат? Мой апарат? [Гарык:] Я яшчэ нікога не разлажыў. [Бусько:] І не разложыш! Не дам! Не мылься, галіцца не будзеш. Не дапушчу! (А. Макаёнак. Пагарэльцы). Стась падсеў зусім блізка. Надзя адсунулася, сказала: – Дарэмна мылішся, галіцца не будзеш... – А гэта мы паглядзім. – Паліцэйскі абхапіў Надзю за шыю, адсунуў нагамі стол і зашаптаў, дыхаючы перагарам... (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). – Аксамітаў, с. 74: Не мачыся, бо голены не будзеш. Не мы першыя, не мы апошнія. Кажуць як апраўданне чыіх-н. калектыўных дзеянняў, паводзін, учынкаў і пад. – нярэдкіх у жыцці людзей. Не мы першыя, не мы апошнія. Неяк перагаруем лета, не так шмат ужо засталося (К. Крапіва. Мядзведзічы). Мы рыхтуемся да самага горшага. Пакуль ёсць патроны, будзем адбівацца, а там... Што ж, не мы першыя, і не мы апошнія, як кажуць людзі (В. Быкаў. Трэцяя ракета). – Мая месячная зарплата пайшла на штаны. – Што зробіш? Не мы першыя, не мы апошнія (А. Жалязоўскі. Іду на канфлікт). – Федароўскі, с.233: Не ты першы і не ты астатні. Не мясціна ўхарошае людзіну, а людзіна ўхарошае мясціну. Гл. Не месца красіць чалавека, а чалавек месца. Не наеўся, дык і не наліжашся. Гл. Калі не наеўся, дык (то) і не наліжашся
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
6 👁
 ◀  / 696  ▶