Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÍНе мела баба клопату, дык купіла парася. Сам сабе прычыніў шмат клопату, цяжкасцей. Гаворыцца, калі ў каго-н. пачынаюцца непрадбачаныя турботы, цяжкасці з-за непрадуманага дзеяння, учынку і пад. – Манах! Манах! – гукнулі два падшывальцы і, тузянуўшы Сцяпанавы падрызнікі, пусціліся драла. «Не мела баба клопату, купіла парася», – думаў, ходзячы, Сцяпан, страціўшы надзею знайсці купца (Я. Колас. Старыя падрызнікі). Мне ўжо страшна надаела з імі тут валынка ўся: баба клопату не мела, дык купіла парася! (К. Крапіва. Біблія). [Камісар:] Урача выклікалі? [Партызан:] Ёсць выклікаць урача! [Камісар:] Схаджу пагляджу, што там такое. [Камандзір:] Не мела баба клопату – купіла парася (А. Макаёнак. Ворагі). Усе суседзі ведалі, што Рэня прыняла сабе прымака. – Не мела баба клопату – купіла парася, – сказаў першы. – Ну, што вы! Як жа з такім калекаю жыць? – сказаў другі (В. Гардзей. Дынамік на школьным коміне). Ну, каго з вас падмяніць? Спацелі вы абое. Не мела баба клопату... (Э. Ярашэвіч. Святло імя твайго). – Насовіч, с. 100: Не мела баба клопату, купіла парася; Раманаў, с. 302: Не было бабе клопатаў, дык купіла парася. Не месца красіць чалавека, а чалавек месца. Ужываецца як сцвярджэнне, што ўсё залежыць ад самога чалавека, а не ад месца, дзе ён працуе. Перш за ўсё – месца перамяніць трэба, хоць з другога боку – не месца красіць чалавека, а чалавек месца (Я. Колас. У глыбі Палесся). Не мясціна ўхарошае людзіну, а людзіна ўхарошае мясціну. Чыталі мы [ваш ліст] калектыўна, чыталі і паасобна. Нам вельмі хацелася зразумець: чаму вам сумна? Як мы ні раіліся ў сваім калектыве, але ўрэшце прыйшлі да старой народнай прымаўкі: «Не мясціна ўхарошае людзіну, а людзіна ўхарошае мясціну». Гэту прымаўку мы разумеем так, што ад людзей, ад нас саміх залежыць, каб нам, дзе мы знаходзімся, жывём, было добра, прыгожа, весела (У. Дубоўка. Алелька). – Калька з лацінскай мовы: Non locus ornate hominem, Sed homo locum. – Янкоўскі, с. 176: Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Не мне казаць, не табе слухаць. Гэта і так усе ведаюць. Кажуць у апраўданне, калі даводзіцца гаварыць агульнавядомае. Эх, Цётка! Не мне казаць, не табе слухаць... Павінна ты гэта ведаць лепей за мяне... Я – рабочы... Дзе я працую – там маё і ўсё (М. Гарэцкі. Віленскія камунары
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
4 👁
 ◀  / 696  ▶