Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íдымаецца вэрхал: званкі начальству, пагрозы. Адным словам, не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць (В. Шырко. Дзеля карысці). * Нялёгка, відаць, настаўнікам з такім вучнем. Трэба было паставіць яго на месца... Не лезь босы, дзе коней куюць... (А. Кудравец. На балоце скрыпелі драчы). – Прыказкі, кн. 2, с. 343: Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць. Не лезь, певень, туды, дзе гусі пасуцца. Не ўмешвайся ў справы, якія не маюць дачынення да цябе. Сін.: Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць. І вось я хаджу на сходы, плачу ўзносы. Крытыкую – злуюць, не лезь, певень, туды, дзе гусі пасуцца. Даю параду, няхай і слушную, – глядзяць з пагардай (В. Шырко. Споведзь правінцыяла). Не людзі выбіраюць бяду – бяда людзей выбірае. Гаворыцца, калі з кім-н. здарылася бяда, няшчасце і пад. Сін.: Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць; Не шукай бяды, яна сама цябе знойдзе. Яно, вядома, нялёгка будзе, ды яшчэ пасля такіх пакут: надарвеш пупавіну ды рукі [выцягваючы воз з балота]. Але што зробіш – усялякае бывае. Не людзі выбіраюць бяду – бяда людзей выбірае. А яна бывае рознай – бяда гэта (А. Жук. Сашок). – Янкоўскі, с. 68: Не людзі выбіраюць бяду – бяда людзей выбірае. Не май сто рублёў, а май сто сяброў. Часта сябры даражэйшыя за багацце. Кажуць, калі сябры або знаёмыя выручаюць у бядзе, дапамагаюць ці могуць дапамагчы. Аспірантура – таксама валынка... Каб экстэрнам мінімум здаць!.. Замежная цяжэй за ўсё... Ха-га... А Наталачка-палтавачка, «англічанка» з «іняза»? Выручыць... Не май сто рублёў, а май... І гэтак далей (П. Місько. Ціхае лета). – Дык па якім жа тады прынцыпе падбіраў у свой трэст кадры? – Каюся! Па прынцыпе: «не май сто рублёў, а май сто сяброў». Вінават, памыляўся (А. Макаёнак. Дарагая дружба). Век жыві і век вучыся. І яшчэ адна народная мудрасць: не май сто рублёў, а май сто сяброў... Гэта пацвердзілася яшчэ раз, калі разбіралася мая справа (І. Новікаў. Гульня ўнічыю). А ў купэ ўжо і афіцыянтка з вагон-рэстарана спрытна зняла з падноса белую сурвэтку. – Хто гэта прыдумаў? – даваўся дзіву Пятрусь. – Ці няма каму? – завіхалася каля століка афіцыянтка. Нездарма кажуць: не май сто рублёў, а май сто сяброў... Прашу! (І. Аношкін. Тэлеграма). – Насовіч, с. 100: Не мей сто рублёў, а мей сто другоў; Федароўскі, с. 82: Больш значыць сто другоў, як сто рублёў; Прыказкі, кн. 1, с. 382: Лепш сто сяброў, чым сто рублёў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
4 👁
 ◀  / 696  ▶