Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íся. І мой во ходзіць, як бык, адзін. Жаніцца, хлопцы, пара. Перастарэеце, і ніхто тады за вас не пойдзе. Кажуць, не кайся, што рана ўстаў або маладым ажаніўся (Я. Ермаловіч. Валуны). – Насовіч, с. 98: Не кайся, рана ўстаўшы, а молад жаніўшыся; Ляцкі, с. 26: Не кайся, рана ўстаўшы, а замалада ажаніўшыся; Прыказкі, кн. 2, с. 54: Не кайся, рана ўстаўшы, замаладу ажаніўшыся; Рана ўстаўшы, то не кайся, і рана жаніўшыся. Не кайся, што рана ўстаў або маладым ажаніўся. Гл. Не кайся, рана ўстаўшы і рана жаніўшыся. Не капай другому яму, сам у яе ўвалішся. Непрыемнасць можа здарыцца з тым, хто жадае ці робіць яе іншым. Часцей ужываецца як перасцярога не рабіць благога каму-н. – Цяпер ён сам трапіў у блакаду. Праўду людзі кажуць: не капай другому яму... – Сам увалішся, – падхапіла Аксана (М. Гамолка. Лясная крэпасць). У галаве хадуном хадзілі думкі: «Ну і чалавек! І ўсё нахабней становіцца. Паводзіць сябе як звер які... Палохаць уздумаў – не запалохаеш!..» Лявон паступова супакоіўся, уздыхнуў: «Не капай другому яму, бо сам у яе ўвалішся...» (У. Гніламёдаў. Вяртанне). Хто пад кім яму капае, часта сам у яе ўпадае. [Навум:] Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру, бо знаеш прымаўку: хто пад кім яму капае, часта сам у яе ўпадае (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). * Тут на полі людзі расказвалі Кірылу пра Віткоўскага, як ён немцам лізаў боты і, каб выслужыцца, тапіў сваіх людзей. – Што ж, капаў другім яму, – гаварыў Кірыла, – сам у яе ўваліўся (І. Гурскі. На родных гонях). – Паходзіць з Бібліі: «Хто капае яму, той упадзе ў яе» (Кніга Эклезіяста, 10, 8). – Насовіч, с. 99: Не капай на чалавека яму, сам упадзеш; Федароўскі, с. 125: Хто на каго яму капае, той сам у яе ўваліцца; Прыказкі, кн. 2, с. 458: Не капай каму яму, бо сам увалішся; Хто яму капае, той сам туды пападзе. Не конь вязе, а дарога. Пры паездцы, падарожжы куды-н. многае залежыць не ад каня, а ад якасці дарогі. А самую дарогу было не пазнаць: звычайная гравейка ператварылася ў асфальтаваную шашу. «Праўду кажуць: не конь вязе, а дарога...» – Нават Лявошка не ўтрываў, пахваліў (П. Місько. Градабой). – Прыказкі, кн. 1, с. 275: Не конь вязе, а дарога. Не красна хата вугламі, а пірагамі. Хата прываблівае не знешнім выглядам, а гасціннасцю гаспадароў. Трэба, каб.. архі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
4 👁
 ◀  / 696  ▶