Í– Прыказкі, кн. 1, с. 91: Не заўсёды світае, як певень спявае. Не заўсягды, як на дзяды. Не заўсёды бывае для каго-н. толькі адно прыемнае. Гаворыцца, калі каму-н. не шанцуе, перастала шанцаваць. Сін.: Не ўсё кату масленіца прыйдзе і вялікі пост. Ніхто не мог так жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто не мог так прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы... Але «не заўсягды, як на дзяды», бо шчасце – не палец, у рукі не возьмеш. Вырвалася яно ад іх на час (З. Бядуля. Ашчаслівіла). – Прыказкі, кн. 2, с. 170: Не заўсягды, як на дзяды. Не зважай (не ўважай) на ўраджай, а жыта сей. Выконвай сваю працу, не ставячы гэта ў залежнасць да яе вынікаў. Ягады не растуць раней за кветкі. Спачатку папрацуеш, а потым убачыш плён свае працы. А мо і наогул не ўбачыш, але ніколі аб гэтым не шкадуй і тым больш не апраўдвай свае ляноты. Як кажуць, не зважай на ўраджай, а жыта сей (У. Дамашэвіч. Камень з гары). – Насовіч, с. 105: Не ўважай на ўраджай, а жыта сей; Прыказкі: кн. 1, с. 125: Не ўважай на ўражай, а жыта сей; Не глядзі на ўраджай: жыта сей. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Гл. Не ведаючы (не зведаўшы) броду, не сунься ў воду. Не зведаўшы гора, шчасця не ацэніш. Як вясковы чалавек не адчувае свежасці паветра, пакуль не пабудзе ў горадзе, так і шчаслівы чалавек не адчувае сябе шчаслівым, пакуль не здарыцца бяда. Нездарма кажуць людзі: не зведаўшы гора, шчасця не ацэніш (Л. Левановіч. Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста). – Ліцвінка, с. 62: Хто не бачыў гора, таму і шчасце не прынясе радасці; Хто ніколі не перажыў няшчасця, той і шчасце не ацэніць; Прыказкі, кн. 1, с. 449: Не пабачыўшы гора, дабра не ўбачыш. Не злавіў – не злодзей. Гл. Не злавіў (не ўзяў) за руку, не кажы што злодзей. Не злавіў (не ўзяў) за руку, не кажы што злодзей. Гаворыцца ў апраўданне таго, каго падазраюць у зладзействе ці іншых адмоўных учынках, але не маюць бясспрэчных доказаў яго віны. – Не злавіў за руку, не кажы, што злодзей, – уставіла гаспадыня. – Яго хоць за руку і не злавілі, а ўсе ведаюць, што ён злодзей, – злосна сказаў гаспадар (Л. Арабей. Сіні бор). – Табе не здаецца, што яны [Царукі] высачылі, калі я з лесу прыходзіў, паліцаям перадалі? – Хто ведае, – паціснула плячыма Агапа. – Можа, і яны. Але... Не злавіў за руку – не кажы злодзей (Б. Сачанка. Горкая радасць
7 👁