Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íплануй вечар. На ўсё воля Госпада... (М. Коктуш. Трэба часцей бываць у абіцелі). Не дай бог два разы жаніцца і два разы сяліцца. Гаворыцца як папярэджанне, засцярога ад нежаданага паўторнага вяселля ці наваселля (з-за вялікіх выдаткаў, розных іншых непрыемнасцей). [Эмігранты], вядома, нудзяцца, сумуюць па дамоўцы. Але вярнуцца на Радзіму не кожны можа... Ды і няпэўнасць, насцярога ў кожнага – тут абжыліся, неяк зводзяць канцы з канцамі, а як там, дома, будзе?.. Недарэмна ж, мусіць, гавораць – не дай бог два разы жаніцца і два разы сяліцца (Б. Сачанка. Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні). – Году не пройдзе – на папялішчах хаты вырастуць. І якія! Лепшыя, чымся былі. І поле сваё ўробім... – Нялёгка, ох, як нялёгка будзе, – зноў уздыхнула, заохкала маці. – Не дай бог два разы жаніцца і два разы сяліцца (Полымя. 1971. № 5). Цяпер мы тут ужо як свае, ніхто ніколі нас ні ў чым не зняважыў, не абразіў, наадварот, імкнуліся людзі дапамагчы, падтрымаць... У народзе кажуць: не дай бог два разы жаніцца і два разы сяліцца. Пра апошняе не думалі і мы, усім было даспадобы жыць у родным Стралічаве... Шкада, што безнадзейна ўсё рассыпалася, баліць душа і сэрца... (А. Сакун. Як жывеш, перасяленец?). – Прыказкі, кн. 1, с. 210: Не дай бог часта жаніцца і часта сяліцца. Не дай бог свінні рог, а мужыку панства. Кажуць пра таго, хто, атрымаўшы багацце ці ўладу, пачынае несправядліва адносіцца да такіх, якім быў сам, злоўжываць сваім становішчам. Здзекуюцца вяскоўцы больш за ўсё з Галінай ганарыстасці, пагарды да ўсяго тутэйшага, вясковага, з яе да пацешнага ненатуральнай гарадской вытанчанасці, напятай, як маска, з-пад якой, як ні хавай, а вылазіць звычайная дурнаватая вясковая баба. Пра такіх здаўна кажуць: не дай бог свінні рог, а мужыку – панства (В. Блакіт. Вырай). А як нашы людзі ставяцца да набытага, праўдзіць пагаворка: «Не дай бог свінні рог, а мужыку панства». Калі і ўдасца што, дык будзем «сала есці, салам закусваць і яго ж пад ногі» (Л. Анфілеўка. Зберажом!). * [Мікіта:] Эх, каб я быў, меджду протчым, царом! Завёў бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смаленску да Берліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй. [Янка:] Бачыў бог, што не даў свінні рог, а рэгістратару панавання (Я. Купала. Тутэйшыя). І толькі дзядзька Тамаш.. першы здага
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
12 👁
 ◀  / 696  ▶