Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÍНе вер чужому слову, а вер свайму воку. Лепш самому ўбачыць, чым меркаваць з чужых слоў. Сін.: Лепш раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Ягайла намаганнем волі змусіў сябе стрымацца, мо згадаў, што людзі кажуць: не вер чужому слову, а вер свайму воку. Толькі грозна ляпнуў далонню па стале, зморшчыў высокі лоб і спытаў: – Ты часам не звар'яцеў? (А. Бутэвіч. Каралева не здраджвала каралю). Не воўчы зуб, дык лісіны хвост. Калі не сілай, дык хітрасцю зрабіць што-н. *[Пану] воўчы зуб не памагае, дык палітыка другая ў яго як бач паспела – хвост пусціць лісіны ў дзела... (К. Крапіва. На «Крэсах Усходніх»). Параўн. таксама: «Лісі хвост і воўчы клык» – назва сатырычнага верша К. Крапівы пра палітыку нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1941 г. Невучоны (нявучаны) як (што) сляпы. Гаворыцца пра неадукаванага чалавека. Сін.: Чалавек невучоны як тапор нетачоны. – Глядзі ж, сынок! – спыніў яго бацька. – Слухай настаўніка, бо нявучаны – усё роўна як сляпы, а граматны чалавек нідзе не прападзе. Каб я з маткаю цешыліся з цябе... (Я. Колас. Школа). * Бацькі і добрым словам, і пагрозай прабавалі ўтлумачыць яму [Рыгору], што без навукі жыць дрэнна, што невучоны горш за сляпога, – нічога не памагло (У. Галубок. Апошняе спатканне). – Прыказкі, кн. 2, с. 178: Невучоны што сляпы. Не вучы вучонага. Кажуць, калі не жадаюць слухаць чыю-н. параду. Сін.: Не вучы дзядулю кашляць; Не вучы рыбу плаваць. «Глядзі на машыну не напарыся!» Яльгун скупа адказаў праз зубы: – Не вучы вучонага! (М. Лынькоў. Восеньскай ноччу). – Ты, можа, не ў той бок круціш, – кажа Калюня. «Не вучы вучонага...» – думае Яська, але на ўсякі выпадак пачынае ганяць стрэлкі ў другі бок, і праз некалькі абаротаў яны падаюць на цыферолат (М. Гіль. Пуд жыта). – Ты хоць язык, як баба, не высоўвай. Пасядзеў у рэстаране – і будзь задаволены. – Ладна, не вучы вучонага, – адмахнуўся Прохар (А. Крыга. Мацей з «Асторыі»). – Малакасос, – хрыпла вылаяўся адзін з ценяў. Клацнуў затворам. – Ты асцярожней, – папярэдзіў другі цень. – Не вучы вучонага, – адказаў першы (Полымя. 2008. № 1). – Ты ж, Алёша, норму ведай! Перапіць – дзела не мудронае. Лепш недапіць яе, акаянную. – Не вучы вучонага! – лёгка злуецца дзядзька Аляксей (М. Парахневіч. Жыццё пражыць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зваряцеў, цыферблат
8 👁
 ◀  / 696  ▶