Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Íфантазёрам, апантаным, а хто і прылунелым. «На чужы раток гузіка не нашыеш», – ёсць такая прымаўка. Няхай што хочуць гавораць (С. Лобач. Пажывём для людзей). – Прыказкі, кн. 2, с. 381: На чужы раток гузіка не нашыеш. На чужы рот (раток, язык) замок не навесіш (не павесіш, не начэпіш). Людзей не прымусіш маўчаць. Кажуць з неадабрэннем пра распаўсюджванне розных чутак, плётак. Сін.: Людзям языка не завяжаш; На чужы рот гузіка не нашыеш; На чужыя вусны не накінеш хусты; Чужы рот – не свае вароты, не зачыніш; Чужы роцік не каўнерык, яго не зашпіліш. Размовы, вядома, былі: на чужы рот замок не навесіш. Акімава шкадавалі: звязаўся з поскуддзю, алкагалічкай, атруціць яна яму жыццё (М. Герчык. Вяртанне да сябе). «Вылітае цыганя», – часта казалі Аксінні суседкі. А тая крыўдзілася за гэтыя словы, сурова падціскала тонкія маршчыністыя вусны, але не пярэчыла: на чужы язык замок не павесіш (М. Даніленка. Журлівіца). Слухаць не хацелася, але ж не заткнеш сваіх вушэй і не начэпіш замок на чужы раток (Ф. Янкоўскі. Абразкі). – І ты, Вера, прысядзь, няхай сын ад нас пачуе, пра што гамоняць у вёсцы... – Не гамоняць, а злыя языкі плявузгаюць... – Усё адно лепш, каб у сям'і мір і згода. А на чужы раток, як кажуць, не павесіш замок (В. Праўдзін. Нелюбімыя гінуць). – Прыказкі, кн. 2, с. 380: На чужы раток не павесіш замок. На чужыя вусны не накінеш хусты. Людзей не прымусіш маўчаць. Кажуць з неадабрэннем пра распаўсюджванне розных чутак, плётак. Сін.: Людзям языка не завяжаш; На чужы рот гузіка не нашыеш; На чужы рот замок не навесіш; Чужы рот – не свае вароты, не зачыніш; Чужы роцік не каўнерык, яго не зашпіліш. Прачытаў гэты ліст сусед, пераказаў знаёмым, і пайшло гуляць па вёсцы: «Дзе быў? – У Бузука. – Да каго пойдзем? – Да Бузука!» На чужыя вусны не накінеш хусты (В. Шырко. Хай людзі бачаць). – Прыказкі, кн. 2, с. 380: Няма такой хусты, каб завязаць усім усты. На чужы язык замок не навесіш. Гл. На чужы рот (язык) замок не навесіш. На чыім возе (вазку, коніку) едзеш, таму і песню (песеньку, песенькі) спявай (пей, вядзі). Мусіш дагаджаць, выконваць волю таго, ад каго залежыш. Сін.: Хто плаціць грошы, той заказвае і музыку. [Сабковіч:] Ідзі і рабі тое, што кажу, інакш дастанеш кіем. [Пятрук:] Нечага казаць, на чыём вазку едзеш, таму і песенькі спявай (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). Ну, а Гарбача чаго
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

сямі
11 👁
 ◀  / 696  ▶