Íшто шыбаючы на чужы лоб, трэба і свой падстаўляць». Праўда, я тады быў малады, дурны і часта прыходзіў дадому з гузамі на лбе (К. Крапіва. Мая прынцыповасць). – Насовіч, с. 190: На чужы лоб шыбаючы, трэба і свой падставіць; Прыказкі, кн. 2, с. 359: На чужы лоб сягаючы (шыбаючы), трэба і свой падставіць. На чужым горы (няшчасці) шчасця не пабудуеш. Гаворыцца пра таго, хто дамагаецца сваёй карыслівай мэты, ігнаруючы інтарэсы іншага чалавека. Калі суджана табе жыць з гэтым чалавекам, у цябе ўсё атрымаецца само па сабе, а калі – не, то навошта лезці ў чужыя сем'і? Як кажуць, на чужым горы шчасця не пабудуеш. Так яно і ёсць (Звязда. 2001, 9 жн.). Ой, Люба-Люба, ці хоць будзе ў цябе шчасце? Чуе маё сэрца нядобрае. Праўду, мусіць, кажуць старыя людзі: на чужым няшчасці не пабудуеш шчасця... (В. Блакіт. Вяселле ў Беражках). А на самай справе – ён даўно жанаты. Як даведалася, што збіраецца кідаць дзвюх маленькіх дачок, то адразу ж выкінула яго з галавы. На чужым горы сваё шчасце не пабудуеш (П. Савоська. Фіктыўны шлюб). * Так і прапала абмундзіроўка з майго шыкоўнага генеральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасця сабе шчасця не будзе (В. Быкаў. Доўгая дарога дадому). [Гаспадыня:] Ажаню Васіля, возьмем вялікі пасаг, ад якога стане на ногі наша гаспадарка. [Палкоўнік:] Так, план твой хітры. Значыцца, на чужым няшчасці хочаш будаваць сваё шчасце! (У. Галубок. Ганка). – Ліцвінка, с. 60: На чужым горы шчасця не пабудуеш. На чужыне і камар загіне. У чужой старане жыць нязносна цяжка. – Дадому вяртацца нам трэба з табою, баярышня, – казаў між тым Сцяпан. – Памолімся за душу рабы божай Хадоскі, прыстанем да полацкіх купцоў і паедзем, дадому паедзем. На чужыне і камар загіне (Л. Дайнека. След ваўкалака). – Прыказкі, кн. 1, с. 291: На чужыне і камар загіне. На чужы рот (раток) гузіка не нашыеш. Людзей не прымусіш маўчаць. Кажуць з неадабрэннем пра распаўсюджванне розных чутак, плётак. Сін.: Людзям языка не завяжаш; На чужы рот замок не навесіш; На чужыя вусны не накінеш хусты; Чужы рот – не свае вароты, не зачыніш; Чужы роцік не каўнерык, яго не зашпіліш. [Драніцы] трэба было на вачах у аднавяскоўцаў вытрымаць ролю перакладчыка – няхай абы выгляд размовы, каб унікнуць на гады наперад іхняга рогату, бо на чужы рот гузіка не нашыеш (І. Чыгрынаў. Апраўданне крыві). Некаторыя лічаць мяне
Дадатковыя словы
семі
8 👁