Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÍНа лечаным кані далёка не заедзеш. Вялікай карысці ад чаго-н. няспраўнага, сапсаванага ці рамантаванага не дачакаешся, не даб'ешся. * – Ну, і так жа, Васіль Міхайлавіч, нельга, – ужо рэзка запярэчыў Варанецкі. – На спутаным кані далёка не паедзеш (І. Дуброўскі. Зямныя вузлы). – Насовіч, с. 86: На лечаным каню не многа ўедзеш; Прыказкі, кн. 1, с. 142: На лечаным кані доўга не наездзіш; На кульгавым кані далёка не заедзеш. На людзях і памерці не страшна. Гаворыцца як жаданне не быць адзінокім у хвіліны адчаю, небяспекі. Цяпер, калі яна [Рая] выразна адчула і сваё адзіноцтва, і адказнасць за даручаную справу, і небяспеку, ёй стала ніякавата. Самае непрыемнае – побач няма сябра. Нездарма кажуць, што на людзях і памерці не страшна (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Разумееце, мне з людзьмі весялей. Недарма кажуць: на людзях і памерці не страшна (І. Гурскі. Вецер веку). – Прыказкі, кн. 1, с. 369: На людзях (на міру) і смерць красна. На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць. Кажуць насмешліва пра небагатага чалавека, які любіць модна прыбірацца. [Бірка:] А мог бы ты, Саўка, заўваж, суседзе, капялюш з пяром, як пан, насіць і боты са скрыпам... [Саўка:] На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць (Я. Колас. У пушчах Палесся). Франтаўство наогул не паважаецца, а калі няма чаго есці, дык тады яно і зусім недарэчы, а таму бязлітасна асмейваецца: на назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). * Галадранцы. На назе саф'ян рыпіць, а ў баршчы трасца кіпіць! Чужога нашармачка захацелася. Наце, атрымайце! (А. Наварыч. Літоўскі воўк). – Насовіч, с. 36: На назе чаравік (бот) скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць; Ляцкі, с. 48: У другога бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць; Прыказкі, кн. 1, с. 231: У чабатку рыпіць, а чорт у гаршку кіпіць. На наш век дурняў хопіць. Кажуць з упэўненасцю, што падобнае да таго, аб чым гаварылася, не знікне, не перавядзецца, будзе паўтарацца. – Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? – ужо з жартам прамовіў Віктар. – На наш век дурняў хопіць, – засмяяўся Мірон. Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы» (Я. Маўр. Палескія рабінзоны
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

дабешся, сафян
7 👁
 ◀  / 696  ▶