Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Í– Прыказкі, кн. 1, с. 463: На базары і бык цельны. На кожны чых (на ўсякае чханне) не наздароўкаешся (не навітаешся). На ўсё, што гаворыцца, не адклікнешся; усім не дагодзіш. Кажуць, калі не лічаць патрэбным звяртаць увагу на чые-н. выказванні. – Ды ўжо б, небажаты, не варта было б залазіць у гэтую кашу... – А чаму? – Або ты, Сёмка, не разумееш. Лішняя прычэпка ў Берагавых руках. – Пляваць. На ўсякае чханне не навітаешся (Ц. Гартны. Сокі цаліны). О, гэта адвечная беларуская трывучасць і абыякавасць да сябе! Ат, на кожны чых не наздароўкаешся... З ног жа яшчэ не падаю. Авось і так пройдзе... (П. Місько. Зялёныя змеі). * Таварыш начальнік, у вас і так хапае клопатаў, на кожны чых «Будзь здароў» не накажашся (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). – Ляцкі, с. 23: На кожнае чмых не наздароваешся; Федароўскі, с. 65: На ўсякае чханне не наздароўкаешся. На крывой дарозе наперад не відаць. Гл. Па (на) крывой дарозе наперадзе (наперад) не відаць. На ласы кусочак знойдзецца куточак. Гаворыцца ў застоллі, калі госцю прапануюць з'есці яшчэ штосьці вельмі смачнае. Надзвычай багата семантычных адценняў мае слова «кут»... Прымаючы пачастункі, прыгаворваюць: на ласы кусочак знойдзецца куточак (Р. Барадулін. Адным словам). – Выслоўі, с. 151: На смашны кусочак найдзецца куточак. На лаўца і звер бяжыць. Зацікаўленаму ў чым-н. чалавеку сустрэўся якраз той, каго ён хацеў бачыць. А мы якраз шукалі магчымасці сустрэцца і пагутарыць з вамі. Вось і пашанцавала... Бачыце, якраз па прыказцы: «На лаўца і звер бяжыць...» (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Кныш, калі ўбачыў арыштаваную Зіну, аж падскочыў ад радасці: – Вось яна! Што я вам казаў! На лаўца і звер бяжыць (Р. Няхай. Шлях на Эльбу). – Я тут на кані. Сена прывозіў здаваць. Хадзем. Да Зацішша даедзеш. «На лаўца і звер бяжыць», – падумаў Сяргей (І. Чыгрынаў. Па дарозе дамоў). – Глядзі ты! На лаўца і звер бяжыць! – здзіўлена выгукнуў Яцковіч. – Здароў быў, Антончык!.. (У. Ягоўдзік. Пугачова песня). * [Фядора:] За такую кунічку [дзяўчыну], якую табе падстрэліць удалося, і не такое сцярпець можна. [Тарык:] На добрага стралка і звер бяжыць (А. Петрашкевіч. Злыдзень). – Насовіч, с. 85: На лаўца і звер бяжыць; Прыказкі, кн. 1, с. 154: На паляўнічага і звер бяжыць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зесці
8 👁
 ◀  / 696  ▶