Íшла каса на камень (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік). Калі многія ўспрымаюць гэта [рашучасць Гальшкі] спакойна, а то і абыякава, а паміж сабой нярэдка пагаворваюць: «Магла б гардыню скінуць, а то найшла каса на камень!», дык наглядчык заўсёды паспагадае, але ў душу надта не лезе (А.А. Марціновіч. Страсці з прыгодніцкім элементам). – Насовіч, с. 133: Папала каса на камень; Ляцкі, с. 17: Каса на камень нашла; Прыказкі, кн. 2, с. 303: Папала (трапіла, найшла, наскочыла) каса на камень. На аснове гэтай прыказкі склаўся аманімічны фразеалагізм, набыўшы здольнасць быць структурным элементам сказа, уступаць у пэўныя сувязі і адносіны са словамі кантэксту: найшла каса на камень у каго са значэннем 'сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары і пад.'; напрыклад: «Вось добра, што ўсе сабраліся, бо ў нас тут найшла каса на камень» (П. Броўка). На каго бог, на таго і людзі. Гаворыцца, калі крыўдзяць чалавека, якому і без таго не пашанцавала. А ён [тата] шалёны... а ўсё пузганцы, галапупцы вясковыя, бегаюць за ім і крычаць: «Шалёны, шалёны!» А ён ходзіць і маўчыць... Не адвернецца, не плача, нават не ўцякае; ходзіць і маўчыць... На каго бог, на таго і людзі (З. Бядуля. Тата). І як табе не сорам, Якаў? На каго бог, на таго й людзі. Не варта гэтак (М. Гарэцкі. Антон). – Яно ж гэдак: на каго бог, на таго і людзі, – пад старою Мондрыхаю на палку зашамацела перацёртая салома. – Бацьку нядаўна пахавалі, і на табе... [пакралі бялізну] (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). [Ціхонь:] Бачылі вы? На каго бог, на таго і людзі. Цьфу, што за народ! (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). Вось яны [жанчыны] і сыходзілі, беглі з хатаў і сваіх падворкаў... І траплялі на той свет, не дайшоўшы нават да суседкі. Нехта па звычцы заступаў дарогу, як заведзена ўжо, на каго бог – на таго і людзі (В. Казько. Час збіраць косці). – Прыказкі, кн. 1, с. 370: На каго бог, на таго і людзі. На кірмашы (базары) і бык цельны. Пры гандлёвай ці іншай здзелцы могуць падмануць. [Несцерка:] Заплацім паночку – толькі распіскаю. Ад вашае жонкі. Памятаеш, Маланка, тысячу, што дамаўляліся? [Пшэбыеўскі:] Якой жонкі? [Малання:] А то не? А то не абяцаў, а то не вянчаліся?.. [Несцерка, аддае распіску:] Вось і разлічыліся. Адным словам, каму вінен – усе прабачце. [Пшэбыеўскі, якога лоўка падманулі, падмяніўшы нявесту:] Дык што ж мне цяпер рабіць?! [Несцерка:] Вяселле гуляць. Такая ўжо тут справа – глядзець трэба. На кірмашы і бык цельны (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі
11 👁