Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÍНа двух конях верхам не паедзеш. Немагчыма адначасова займацца дзвюма справамі. – Не, бацька, – пастражэў тварам сын, – я не хачу, каб мяне з вучылішча выкінулі. Трэба выбіраць – альбо я, альбо яны [бандыты]. На двух конях верхам не паедзеш (А. Кажадуб. Хутар). – Рапановіч, с. 200: На двух канісках адзін не паедзеш. Надзея – матка дурных. Няма на што спадзявацца. Гаворыцца з прыкрасцю ў бязвыхадным становішчы. «Надзея – матка дурных», – кажа старая прыказка, шмат каму вельмі нялюбая. Я і сам некалі цярпець яе не мог. Цяпер троху прызвычаіўся (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). Абяцанка – цацанка, надзея – матка дурных. Тое вядома даўно. Колькі разоў лёс смяяўся з даверлівасці беларусаў, з нашай вясковай дурноты! (В. Быкаў. Не бойцеся суду гісторыі...). Спадзяванне толькі ў пошуку новых, невядомых дагэтуль лекаў. Ці знойдзем іх?.. Прабачце за жорсткі гумар, але нагадаю даўно вядомае і практыкай (і праўдай) жыццёвай і мастацкай пацверджанае: надзея сапраўды памірае апошняй, але ж помніце, што надзея – матка дурных (А. Карлюкевіч. Дзе тая «сапраўднасць» жыцця?). Надзея памірае апошняй. Функц. не зам. Кажуць як суцяшэнне, што нельга страчваць надзею нават у самых крытычных жыццёвых абставінах. Дырэктар выдавецтва.. суцяшае мяне аптымістычным пафасам: – Надзея памірае апошняй! – Здараецца, што аўтар апярэджвае... – Не будзем спяшацца! (А. Васілевіч. Я жыву ў Краіне...). Спадзяванні ёсць спадзяванні. Нездарма ж кажуць, што надзея памірае апошняй (Я. Лецка. Згода...). У шчымлівым самападмане людзі паўсюль звязваюць з Новым годам лепшыя спадзяванні. А як жа іначай? Надзея ж памірае апошняй! (ЛіМ. 2000, 22 снеж.). – Вы згубілі ўжо веру ў тое, што вашу справу могуць пераглядзець? – Як кажуць, надзея памірае апошняй. Я спадзяюся на справядлівы перагляд (Звязда. 2000, 28 лістап.). «Надзея памірае апошняй, – часта паўтарала сама сабе Эльвіра Львоўна. – Другім пашчасціла, а чым я горшая? Лагічна? Так. Вось і чакай» (А. Казлоў. Тралейбуснае шчасце). Над пешым арлом і варона з калом. Кажуць з пагардай, калі нікчэмныя людзі асуджаюць, зневажаюць, пераследуюць і г.д. таго, хто перастаў быць для іх уплывовай асобай, кіраўніцтвам і пад. На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі... І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў: – Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопцы (У. Караткевіч. Цыганскі кароль). – Насовіч, с. 84: Над пешым арлом і сарока з калом
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
3 👁
 ◀  / 696  ▶