Íкаб адным стрэлам два будынкі запаліла... Цётка Мальвіна адно цвердзіць: «На воўка памоўка, а мядзведзь цішком» (А. Пальчэўскі. Запознены пасаг). – Насовіч, с. 83: На воўка памоўка, а мядзведзь з падналуску; Янкоўскі, с. 221: На воўка памоўка, а мядзведзь цішком. На выбітай дарозе трава не расце. Гл. На вытаптанай (выбітай, торнай) дарозе трава не расце. На вытаптанай (выбітай, торнай) дарозе трава не расце. У гуляшчай, распуснай жанчыны дзяцей не бывае. Бацька, казалі людзі, пракляў дачку-ўцякачку, бачыць яе не хоча і крычаў, напіўшыся ў Белазора, што Дзіна адна такая гуляшчая з усіх Радзімавічаў і што на вытаптанай дарозе трава не расце (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Кажу сёння нашаму прыдурку ездавому: бяры мяне, Дзёмка, замуж, добрай жонкай буду, а ён рагоча: на ліха ты мне? Ад цябе дзяцей не дачакаешся, бо на выбітай дарозе трава не расце. Уяўляеш, па самым балючым месцы секануў (А. Асіпенка. Цыркачка і маёр). – Насовіч, с. 89: На торнай дарозе трава не расцець; Прыказкі, кн. 2, с. 23: На торнай дарозе трава не расце. На вяку (жывучы) усяго нажывеш – і Кузьму татам назавеш. У жыцці здараецца так, што абставіны прымушаюць выказваць пашану каму-н. [Пацяруха:] Ды ён не зайздросціць, ён... ад хвалявання так сказаў. Нервуецца вельмі – лекцыя пад пагрозай зрыву. [Ганна Піліпаўна:] Ад хвалявання ўсё можа быць. Нездарма ж людзі кажуць, жывучы, усяго нажывеш – і Кузьму татам назавеш (Н. Гілевіч. Не кажы «гоп»...). * Баўдзей хітра зірнуў на Лабановіча. А Лабановіч падумаў: «На свеце пажывеш і Баўдзея другам назавеш» (Я. Колас. На ростанях). Усяго было... Кажуць, у жыцці ўсяк нажывешся – і Кузьму родным бацькам назавеш... (В. Каваль. Шчасце Сілівея Зязюлі). [Дар'я:] Бач, якая мяккая стала, хоць к хвораму месцу кладзі. А то нос вышэй коміна насіла! Ага! Як у бяду ўпадзеш, Кузьму бацькам назавеш (М. Чарот. Мікітаў лапаць). – Насовіч, с. 83: На вяку ўсяго нажывеш, і Кузьму татаю назавеш; Прыказкі, кн. 2, с. 408: Усяго нажывеш, як пажывеш, – і Кузьму бацькам назавеш. Нага нагу падпірае, рука руку абмывае. Адзін дапамагае другому ў якой-н. несумленнай справе. Сін.: Рука руку мые; Чорт за чортам цягне. І да цябе прыходзілі, і ты абяцаў [дапамагчы з абменам кватэры]... Што ж гэта за парадкі такія: нага нагу падпі
Дадатковыя словы
даря
5 👁